| |
 |
Мікалай
Булавацкі
Гісторыя
Завалочыцкага лясніцтва
Магілёў
2004
|
|
Булавацкі М.П.
Гісторыя
Завалочыцкага лясніцтва – Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2004. – 84 с.
ISBN 985480110-1
Аўтар “Гісторыі
Завалочыцкага лясніцтва” – чалавек, які кіраваў гэтым лясніцтвам 35 гадоў з
моманту яго стварэння ў 1961 годзе і зараз працягвае працоўную дзейнасць у
лясніцтве на пасадзе майстра цэха. З веданнем справы і з непрыхаваным
клопатам аб лесе М.Булавацкі распавядае чытачам пра лёс гэтай часткі
беларускага лесу на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Побач з галоўным героем
кнігі – лесам – паўстаюць постаці яго стваральнікаў, абаронцаў, ахоўнікаў
і... знішчальнікаў. Гісторыя аднаго лясніцтва – першы такога роду гістарычны
дакумент. І хацелася б, каб ён знайшоў паслядоўнікаў у іншых лясніцтвах і
лясгасах Беларусі.
Кніга адрасавана
ўсім, хто цікавіцца лёсам беларускай прыроды, хто вывучае яе гісторыю і
гісторыю народа, які ўзгадавала наша зямля.
...Праца лесавода, на
першы погляд, непрыкметная. Такая ўжо асаблівасць нашай прафесіі, што няшмат
каму выпадае шчасце бачыць створаны ім лес у пару яго “паўналецця”. Адно ж
нязменна: з кожным дзесяцігоддзем пытанні ўзнаўлення, захавання, абароны і
аховы беларускіх лясоў становяцца ўсё больш актуальнымі. Таму асвятленне з
дапамогай мастацкага слова карпатлівай творчай працы лесаводаў, праслаўленне
беларускага лесу – справа ў вышэйшай ступені высакародная. Тым болей, калі
гэтае слова ідзе ад сэрца самога лесавода.
Напісаная
М.Булавацкім “Гісторыя Завалочыцкага лясніцтва” – праца цікавая і
пазнавальная. Жывая мова апавядання, красачныя, маляўнічыя вобразы простых
людзей, іх гарманічныя стасункі з лесам і яго насельнікамі, малавядомыя
факты і забаўныя гісторыі з жыцця работнікаў лесу прыцягнуць увагу чытача,
прымусяць па-новаму глянуць на лясную гаспадарку і яе праблемы, дапамогуць
выхоўваць любоў да цудоўнай прыроды нашай Радзімы і глыбокую павагу да працы
лесаводаў.
“Гісторыя...”
заслугоўвае быць прад’яўленай шырокаму колу чытачоў. Гэта знаходзіцца ў
рэчышчы аднаго з важных кірункаў дзейнасці нашай галіны па стварэнні
гісторый лясгасаў і лясніцтваў, па ўвекавечанні памяці выдатных лесаводаў,
па прапагандзе высакароднасці працы работнікаў лесу.
Кіраўніцтва Камітэта
лясной гаспадаркі Беларусі лічыць мэтазгодным садзейнічаць публікацыі гэтай
кнігі з дапамогай Магілёўскага ВЛГА і лясгасаў вобласці. Калі мы дапаможам
выпуску гэтай цікавай працы, то у “Гісторыі...”, мяркуем, знойдуцца
паслядоўнікі.
Мікалай Юшкевіч,
намеснік старшыні Камітэта лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў Рэспублікі
Беларусь
Гісторыя аднаго
лясніцтва – дробнага падраздзялення беларускай сістэмы лясной гаспадаркі –
з’ява для нашай краіны ўнікальная. І таму значэнне гэтай працы вырастае
шматкроць. Тым болей, што аўтар, адпрацаваўшы 35 год на пасадзе ляснічага
гэтага лясніцтва, сабраў і назапасіў багаты матэрыял, які ахоплівае значна
большы гістарычны прамежак – ад сталыпінскіх часоў царскай Расіі (пачатак ХХ
стагоддзя) да бурапенных часоў пачатку беларускай незалежнасці (канец ХХ –
пачатак ХХІ стагоддзяў). Углядваючыся ў гэтую кропельку беларускай зямлі,
беларускага лесу, чытач адчуе віры і плыні, якія былі адметнымі для ўсёй
Беларусі, адчуе гістарычныя вятры і ўраганы, якія праносіліся над нашымі
лясамі ў ХХ стагоддзі.
Гэтак жа любая
мясціна беларускай зямлі багатая на гістарычныя падзеі, праз гісторыю любой
яе кропкі можна шмат уявіць аб гісторыі ўсёй краіны, глыбей спазнаць
асаблівасці лёсу беларускага народа, лепш усвядоміць кірункі яго
тысячагадовай гісторыі. Таму трэба вітаць усякую спробу гістарычнага
асвятлення той ці іншай частачкі нашай Радзімы – школы ці завода, зніклай ці
жывой вёскі або толькі што пабудаванай лячэбніцы, балота ці гарадской
вуліцы.
Як і любое фізічнае
цела складаецца з маленькіх частачак – малекул, атамаў, так і “цела”
беларускай гісторыі будзе дужэць гісторыямі маленькіх частачак Беларусі
кшталту “Гісторыі Завалочыцкага лясніцтва”.
Міхась Булавацкі
Аўтар і рэдактар
кнігі выказваюць шчырую падзяку людзям, якія спрыялі выданню кнігі:
намесніку Старшыні
Камітэта лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Мікалаю
Юшкевічу,
генеральнаму
дырэктару Магілёўскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзіміру
Раеўскаму і яго намесніку Мікалаю Дамнянкову,
рэктару Магілёўскага
дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова Канстанціну Бандарэнку.
За ХХ стагоддзе лясы
цяперашняга Завалочыцкага лясніцтва зведалі тыя ж змяненні, што й людзі. На
пачатку стагоддзя яны былі ва ўласнасці пана Ю.Жылінскага і яго сям’і.
Непраходныя ці амаль непраходныя балоты чаргаваліся з узвышшамі і былі
пакрыты лясамі і кустарнікамі. Людзі там не сяліліся, ды ўвогуле зазіралі
рэдка, ні за брусніцамі-журавінамі, ні за грыбамі, якіх было ўдосталь, ні з
мэтай упаляваць якогасьці звера. Бо сквапная багна магла не выпусціць ад
сябе ні звера, ні чалавека. Гэта было царства птушак ды дробных звяроў. Але,
асцерагаючыся балот, лясы насялялі і буйныя звяры – ласі, алені, вепрукі,
рысі, нават мядзведзі.
Галоўны маёнтак
Ю.Жылінскага быў у Пінску, а сам ён служыў у Санкт-Пецярбурзе. Завалочыцкі
маёнтак быў здадзены ў арэнду, арандатарамі па чутках былі сваякі
Ф.Дзяржынскага, сюды нібыта часта наведвалася сястра Фелікса. Потым нейкім
чынам (нібыта ў спадчыну) маёнтак перайшоў да паноў Гатоўскіх, спачатку ў
арэнду, потым Гатоўскія яго выкупілі, а затым выкупілі суседнія Паляну і
Скубеек.
Юзаф Жылінскі часам
заязджаў у маёнтак (“дварэц”) недалёка ад Завалочыц. Цяпер там вёска
Дварэц. Упраўляў справамі ў Дварцы нехта Мілон, якога просты люд зваў
Мільёнам. Мільён абдзіраў панскіх людзей як мог, але Жылінскаму ўсё
скардзіўся на неўраджаі ды на малыя даходы.
Навакольныя паны,
папы ды мясцовыя чыноўнікі, пачуўшы аб тым, што Жылінскі прыехаў у Дварэц,
заязджалі пагасцяваць да яго, бо Жылінскі быў панам багатым і шмат ездзіў
па свеце, асушваючы еўрапейскія балоты, мог шмат чаго цікавага
параспавесці. Суседзямі былі паны Парэбскі з Барысаўшчыны, Зубаў з Глушы,
Карытнянскі з Карытнага, Дараган з Дараганава, Земскі з Радуціч ды іншыя.
Каларытнай фігурай быў пан Зубаў – п’яніца, карцёжнік і бабнік. Ён
прыдумляў усялякія забавы для сябе, ад якіх мужыкі пляваліся ды ўпотайкі
клялі пана. Да прыкладу, аднойчы яму захацелася стаць падобным да
персідскага шаха і ён загадаў вырабіць і аздобіць для яго насілкі, у якіх
мужыкі насілі яго па вёсках і да суседніх паноў.
Зубаў закахаўся ў
дачку Юзафа Жылінскага, Зосю, і мабыць не без узаемнасці, ды Жылінскі не
збіраўся выдаваць прыгажуню-дачку за такога пустадомка. Але Зубаў аднойчы
скраў дзяўчыну і, пагражаючы пісталетам гарадокскаму папу, загадаў абвянчаць
іх у царкве.
Жылінскі вымушаны быў
прымірыцца з такой неспадзяванкай, бо шлюб усё ж быў змацаваны божай воляй,
і праз некаторы час з’ехаў. А Зося засталася жыць у Глушы з Зубавым. Але й
пасля жаніцьбы Зубаў не ўтаймаваўся. Карцёжныя загулы, у якіх
выйграваліся-прайграваліся вялікія грошы, маёнткі, землі, лясы і людзі,
былі ў яго амаль ці не штодня. Зубаўская гаспадарка паступова мізарнела.
Аднойчы да яго заехалі нейкія паны здалёку. Была вялікая п’янка і,
натуральна, карцёжныя баталіі. Зубаву зноў не шанцавала. Ён прайграў усе
грошы, потым астатнія землі, нарэшце паставіў на кон глушанскі маёнтак і
прайграў яго. Адзінае, што яшчэ заставалася ў яго, – дом у Гарадку, дзе
жыла маці Зубава. Але на той дом ён гуляць не адважваўся. У пакой да
карцёжнікаў зайшла Зося, убачыла засмучанага мужа і, даведаўшыся пра
вынікі гульні, параіла: “Паколькі больш табе няма чаго ставіць, можаш
паставіць на кон мяне.” Зубаў так і зрабіў, але зноў не пашанцавала. Госці
з’ехалі разам з Зосяй, з грашыма і закладнымі на землі, на вёскі і на
маёнтак. Праўда, землямі і маёнткам яны наўрад ці пакарысталіся, бо ў
1917 годзе рэвалюцыя ўсё і ўсіх зраўняла.
З такімі гаспадарамі,
натуральна, за лясамі ніхто не даглядаў, яны жылі сваім жыццём, не вельмі
далучаным да жыцця двухногіх істотаў, што мітусіліся побач. Вялікія лясныя
плошчы не прыносілі амаль ніякага прыбытку Расійскай дзяржаве, у склад
якой з канца XVIII стагоддзя дзякуючы вайсковаму таленту А.Суворава была
ўключана і Беларусь. На гэта звярнуў урэшце ўвагу славуты царскі міністр
Пётр Сталыпін і загадаў панам або распачынаць на сваіх плошчах якую-небудзь
карысную дзейнасць, або прадаваць іх тым, хто захоча і зможа гаспадарыць на
іх.
У 1913 годзе
Ю.Жылінскі, прыбыўшы ў Дварэц, склікаў мужыкоў і аб’явіў, што будзе
прадаваць землі па 115 рублёў за “рэз”. З ім прыехаў каморнік, землямер,
які адмяраў гэтыя “рэзы” (колькі па плошчы быў той “рэз”, цяпер дакладна
невядома; па мясцінах, якія былі занятыя пад хутары, можна лічыць, што
каля дзесяці дзесяцін). Пасля адмены царом прыгоннага права прайшло ўжо
паўстагоддзя і некаторыя мужыкі цягам некалькіх пакаленняў эканоміі па
капейцы назапасілі крыху грошай для куплі зямлі.
Для продажу Жылінскі
пачаў асушваць балоты, капаць канавы і будаваць дарогу ад Яўсеевіч да
Дараганава праз Земшчыну. А ўчастак леса прадаў нейкаму купцу. Купец наймаў
работнікаў для нарыхтоўкі лесу і дроў. А пан наймаў капаць канавы і
будаваць дарогу. У мужыкоў з’явілася магчымасць зарабляць сякія-такія
грошы. За 6 метраў выкапанай канавы пан плаціў па 20 капеек, за дзень працы
на лесанарыхтоўках купец плаціў таксама 20 капеек, а за каня, які працаваў
на вывазцы леса, плаціў па 30 капеек за дзень. Такім чынам, ездавы з канём
атрымліваў 50 капеек за дзень, немалыя па тых часах грошы. Заробак
выдаваўся залатымі манетамі ці паперкамі. Мужыкі выбіралі паперкі, бо
манеты часта выслізгвалі з дзіравых кішэняў і губляліся.
Купец разгарнуў працу
хутка і шырока. Прывёз спецыялістаў, збудавалі ў Сімонавічах пілараму, дзе
пілілі дошкі, у Ясянцах выпальвалі вугаль, у лесе нарыхтоўвалі палазы,
дугі, абады і спіцы для калёсаў, у смалакурнях здабывалі смалу, у дзягцярнях
– шкіпінар і дзёгаць. Дровы вазамі (“казакамі” – так называлася мера дроў на
адзін воз) вазіліся ў Асіповічы і Бабруйск. Вяртаючыся з Бабруйска, ездавы
мог дазволіць сабе спыніцца ў карчме (пасёлак так пазней і назвалі: Карчма,
у 60-х гадах перайменавалі ў Дачнае), выпіць стопку і заесці баранькай з
таранькай, гэта каштавала паўтары капейкі.
“Рэз”, з якога быў
вывезены лес, прадаваўся ўжо за 95 рублёў. Хто меў грошы і купіў з лесам,
прадаўшы лес купцу, шмат выйграваў, бо зямля атрымлівалася тады амаль
задарам. Хто ж купіў танней, без лесу, вымушаны быў плаціць яшчэ й за лес,
каб можна было пабудаваць якую хаціну. А паколькі плаціць звычайна не было
чым, часта хадзілі красці лес у больш удачлівага суседа, з-за чаго ўзнікалі
бойкі. А ў каго не было за што купіць, той браў зямлю ў арэнду ў пана
Земскага; Земскі вырашыў не прадаваць сваёй зямлі, бо ў яго яе было няшмат.
Людзі засялялі
купленыя ці арандаваныя ўчасткі, будавалі дамы і гаспадарчыя збудаванні,
раскарчоўвалі месца пад поле, засявалі яго, прыдумлялі назвы сваім
хутарам, фальваркам ды прыкметным лясным мясцінам. Месца, дзе вялося шмат
восаў, так і назвалі Восы. Мясціну, дзе дарога перасякала дзве канавы, праз
якія былі перакінутыя мосцікі, назвалі Масты. Адпаведна з’явіліся назвы
Тоўсты Лес, Гнілая Асіна, Альховая Кладка ды інш. Працавалі людзі цяжка і
многа, але з ахвотай, бо радаваліся, што нарэшце набылі свой кавалак зямлі і
верылі, што іх дзеці і ўнукі будуць на гэтай зямлі гаспадарыць.
Мільён выкупіў у
Жылінскага аж два “рэзы” ў добрым небалоцістым месцы. Гэта выклікала ў пана
падазрэнні ў сумленнасці яго ўпраўніка, ён звольніў Мільёна, але таму тая
пасада ўжо не была патрэбнай. Ды разжыцца на сваіх землях новым гаспадарам
не атрымалася.
Надыйшоў 1917 год і
рэвалюцыя перакроіла ўсё па-новаму. Купцы і паны збеглі за мяжу, настала
чаканая для мужыка свабода. У нераскупленага лесу гаспадара ўжо не было і
гэты лес рэзаў хто і як хацеў. Хутаранцы будавалі з дармавога лесу хаты,
прыбудовы да хат, стопкі, хлявы, гумны, азяроды. Так было да 1924 года, калі
дэкрэтам новай улады была ўстаноўлена дзяржаўная ахова лясоў і
планавалася вядзенне лясной гаспадаркі. Ужо ў 30-х гадах пачаліся пасадкі
лесу на пустэчах і прагалках.
У 30-х гадах пачалася
калектывізацыя і хутаранцаў з’ядналі ў калгасы. Іх землі цяпер сталі
калгаснымі землямі. Для аднаасобнікаў, якія не хацелі ісці ў калгас,
выканкамы выдзялялі зямлю і сенакосы з запаснога фонду. Гэта былі
пясчаныя, бедныя землі ці куп’істыя балоты, зарослыя кустарнікам. Супраць
ветру пляваць – справа незайздросная, і колькасць калгаснай апазіцыі ў
выніку гэткай прафілактыкі хутка змяншалася.
Калгасам для
будаўніцтва розных гаспадарчых аб’ектаў патрэбны былі будматэрыялы, найперш
драўніна, якую нарыхтоўвалі з калгасных лясоў, лясоў былых хутаранцаў.
Хаця нібыта на рацыянальнае выкарыстанне лесу і звярталася ўвага, але
лясы эксплуатаваліся занадта актыўна. А паколькі кіраваць калгасам, які
складаўся з гаспадароў аддаленых адзін ад аднаго хутароў, было няпроста і
ўзнікалі розныя непрадбачаныя праблемы, то з 1936 года хутаранцаў пачалі
перасяляць у вёскі. Перасяленне адбывалася на тых жа прынцыпах, што і
стварэнне калгасаў – спачатку добраахвотна, потым для тых, хто яшчэ
сумняваўся, уводзілі дадатковую стымуляцыю, а да самых упартых урэшце
прыязджалі, раскідвалі дом і перавозілі дом у вёску. Гаспадару нічога не
заставалася, як ісці следам за домам і абжывацца на новым месцы сярод іншых
людзей.
Але знаходзіліся і
такія, хто не хацеў перасяляцца ў перавезены дом. Хутаранец Тодар Елін
пасля таго, як яго дом перавезлі ў вёску Калявосы, выкапаў зямлянку на
сваім хутары і жыў у гэтай зямлянцы каля трох гадоў, але ў 1942 годзе
вымушаны быў перасяліцца ў вёску, бо партызаны ўжо назалялі акупантам і тыя
пачалі вайну супраць партызанаў ды іх памагатых, дык ён забаяўся, што яго
могуць палічыць партызанам і расстраляць. Праўда, пажыў у сваім доме
нядоўга, бо напачатку 1943 года вёску фашысты спалілі. Згарэў і Тодар у
сваёй хаце.
Мясціны, дзе былі
хутары, у памяці мясцовых жыхароў так і
засталіся пад назвамі іх
гаспадароў: Тодараўшчына, Анупрэеўшчына, Мільёнаўшчына,
Навумаўшчына, Сіроткаўшчына, Ляшчуноў хутар, Дубовікаў хутар, Паланейчыкаў
хутар, Царыкаў хутар, Белавушкаў хутар, Лабанішына селішча, Юзікава
селішча...
Перасяленне
хутаранцаў у вёскі зноў жа патрабавала нарыхтоўкі будматэрыялаў. Лес
адпускаўся калгаснікам з калгасных лясоў бясплатна, а з дзяржаўных лясоў за
пэўную плату. У лясной гаспадарцы пачынаўся пэўны парадак. Вайна разбурыла
гэты парадак. Зноў лясы высякаць маглі ўсе, хто хацеў. Захопнікі высякалі
лясы на 200-500 м ад дарогі як сродак барацьбы з партызанамі. Лепшая
драўніна ішла на будаўніцтва дотаў і дзотаў і вывозілася вагонамі туды,
куды трэба было новым гаспадарам. Ніякага гаспадарання ў лясах ужо не
вялося.
Але як ні высякалі
лясы новыя “гаспадары”, лес заставаўся надзейным прытулкам і сховішчам для
партызанаў. Лес ваяваў разам з імі і разам з імі цярпеў усе няўзгоды вайны.
Напачатку вайны, калі
фашысты пераможна і імкліва прасоўваліся па нашай тэрыторыі, у іх тыле
апынулася разбітая конная дывізія. Парэшткі дывізіі разбрыліся па лесе,
частка апынулася ў сёмым квартале нашага лясніцтва (натуральна, што
лясніцтва тады не было, нумарацыя кварталаў для ўдакладнення месцаў
падаецца на сучасны перыяд – канец ХХ-пачатак ХХІ ст.). Потым з гэтых людзей
і тых, хто далучаўся да іх, утвараліся партызанскія атрады. Ужо восенню
1941 года была знішчана група з дванаццаці нямецкіх салдат, які на роварах
ездзілі па вёсках, збіраючы правіянт. Пасля гэтага немцы ездзілі збіраць
правіянт вялікімі і добра ўзброенымі групамі.
У 1942 годзе ў нашых
лясах дзейнічалі ўжо чатыры партызанскія атрады: атрад Якавенкі паміж
Паршчахай і Белымі (зараз – 30 квартал), атрад Галацмана паміж Восамі і
Мастамі (4 квартал), атрад Шашуры паміж Калявосамі і Тоўстым Лесам (7
квартал) і атрад Паланейчыка ў трохкутніку Калявосы – Лука – Слопішчы
(блізу 2-га нашага квартала, але больш на тэрыторыі сучаснага Дараганаўскага
лясніцтва). Крыху пазней атрад Галацмана аб’яднаўся з атрадам Шашуры.
Партызаны нападалі на
паліцэйскія і невялікія нямецкія гарнізоны, падрывалі чыгунку і цягнікі,
псавалі сувязь, абстрэльвалі і падрывалі машыны на дарозе Бабруйск – Старыя
Дарогі, грамілі нямецкія абозы. Каб ускладніць пошукі харчавання
партызанам, фашысты восенню 1942 года вялікім атрадам праехалі па лясных
вёсках і пазабіралі ў людзей кароў, авечак, курэй, свіней, пакінуўшы на
дзесяць двароў па адной карове (маўляў, для дзяцей). Але гэта не спыніла
вайсковых аперацый партызанаў.
З наступленнем
халадоў (а зіма з 42 на 43 год выдалася лютай) партызаны раскватараваліся ў
вёсках: атрад Якавенкі – у Белых і Паршчасе, атрад Шашуры – у Восах і
Калявосах. Партызанскія дзеянні пры гэтым не спыняліся. Нарэшце яны так
дапяклі фашыстам, што тыя задумалі жорсткую карную аперацыю. 20 студзеня
1943 года былі спалены вёскі Белыя, Паршчаха, Восы і Калявосы, спалены
разам з жыхарамі, малымі і старымі, якія не паспелі ўцячы ў лес.
І ў гэты жудасны час
усіх, хто змог уратавацца, схаваў і прытуліў лес. Людзі жылі ў буданах,
збудаваных партызанамі, ці будавалі свае. Але і ў лесе не было спакою. Бо
часта, як сродак барацьбы з партызанамі, немцы рабілі аблавы па лясах
“гарачага трохкутніка” (так называлі трохкутнік Бабруйск – Асіповічы –
Старыя Дарогі, дзе вайна паміж партызанамі і фашыстамі была вельмі гарачай).
Узброеныя да зубоў салдаты шарэнгай на адлегласці 20-25 метраў адзін ад
аднаго прачэсвалі лес і растрэльвалі ўсіх, хто трапляўся ім. Апасаліся
толькі лезці ў балота, з якога маглі не вылезці. Там, здаралася, хто-ніхто
ўратоўваўся. А шмат загінула ў тых аблавах і партызанаў, і мірных людзей.
Пад час гэтых аблаваў былі спалены вёскі Масты і Тоўсты Лес, але людзей у
тых вёсках ужо не было.
Людзей з спаленых
вёсак лес прымаў, саграваў, ратаваў, абараняў, карміў і абуваў. Асноўным
абуткам былі лапці з лыка ці з лазы. А харчам, калі не лічыць падгарэлай
бульбы з сваіх спаленых склепаў, былі злоўленыя зайцы ці птушкі, а летам –
ягады, грыбы, арэхі.
Сёння на месцах
спаленых вёсак засталіся толькі помнікі мірным жыхарам, што бязвінна
загінулі ў тыя жудасны часы.
Па
вызваленні Беларусі ад захопнікаў летам 1944 года пачалося аднаўленне ўсёй
разбуранай народнай гаспадаркі. Зноў будаваліся калгасныя канторы,
гаспадарчыя двары, школы, лазні ды інш. Для гэтага высякаліся парэшткі
калгасных (і не толькі калгасных) лясоў. На пачатку 1947 года савецкім
урадам было прынята рашэнне, каб да 30-гадовага юбілея рэвалюцыі
перасяліць усіх людзей з зямлянак у хаты. Лясгасы павінны былі адпускаць
лес на будоўлю дома памерам 6´8
м кожнаму, хто жыў у зямлянцы. Леснікі выдзялялі для такіх высечак і
адзначалі кляймом дрэвы адпаведна правілам адпускання драўніны. Але ніхто
на тыя кляймы не зважаў, рэзалі дрэвы, якія хацелі, адпілоўвалі бервяно 6 ці
8 м з лепшай часткі ствала, астатняе кідалі. У выніку лес стаў захламленым,
вывозіць нарыхтаваныя бярвенні станавілася ўсё цяжэй, бывала, што не хапала
сіл на гэта і спіленыя дрэвы ляжалі ў лесе і псаваліся. Некаторыя такія
справы даводзіліся да суда, але што можна ўзяць з голых людзей. Усё ж
дзяржаўнай лясной ахове быў даручаны кантроль і за вядзеннем лясной
гаспадаркі ў калгасных лясах. Пачалі праводзіцца рэвізіі стану калгасных
лясоў. На падставе сабраных матэрыялаў у 1957 годзе Савет міністраў БССР
прыняў пастанову аб тым, што ў лесе павінен быць адзін гаспадар і ўсе лясы
ад розных лесатрымальнікаў павінны быць перададзены дзяржлесфонду.
Але для перадачы
калгасных лясоў дзяржаве патрэбна была згода агульнага сходу калгаснікаў.
Атрымаць такую згоду было няпроста. Я (на той час – участковы
тэхнік-лесавод Гарадокскага лясніцтва, студэнт-завочнік Полацкага
лесатэхнікума) быў прадстаўніком ад Глускага лясгаса на адпаведным сходзе ў
калгасе імя Кірава. На гэтым сходзе ні старшыня калгаса, ні калгаснікі не
прагаласавалі за перадачу калгасных лясоў (яны называлі іх калгаснымі
дзялянкамі) лясгасу – маўляў, не будзе дзе нарыхтоўваць дровы для ацяплення.
У саўгасах, як
дзяржаўных установах, было прасцей, там абавязаны былі выконваць пастанову
Міністэрства лясной гаспадаркі і рашэння сходу рабочых саўгаса на гэта не
патрабавалася. Саўгас “Завалочыцы” у 1959 годзе павялічыўся за кошт
далучэння да яго некаторых дробных калгасаў. І мне давялося па
даверанасці лясгаса прымаць лясы ад саўгаса. Перадаваць лясы даручылі ад
саўгаса Аляксанаву Аляксандру Сцяпанавічу і мы з ім з картамі ў руках
ўзяліся за працу.
У сельскай гаспадарцы
на той час сярод асноўных паказчыкаў былі колькасць галоў буйной рагатай
жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў і колькасць свіней на 100 га ворыва. Таму
ўсе малапрадукцыйныя ці далёкія землі не паказваліся ў справаздачах, яны
былі пазначаныя ў дакументах як лясы. Але перадаваць лясгасам гэтыя землі
саўгас не хацеў. З 11 тыс. га, паказаных як лясы, Аляксанаў перадаў толькі
каля паловы. Сельгасупраўленне аблвыканкама акт перадачы не прыняло,
адтуль накіравалі для ўдакладнення землеўпарадчыка Калпакова, які па
прыездзе пацікавіўся, хто ж вёў перадачу, якую пасаду займае гэты
Аляксанаў. Выявілася, што Аляксанаў (вядомы сярод людзей па мянушцы
“Грузін”) ніякай кіраўнічай пасады не займае, ён – агент-экспедытар.
Дзіўна, што гэты агент карыстаўся такой прыхільнасцю дырэктара саўгаса, яму
давяралася тое, што нават не кожнай пасадавай асобе давяралася.
Напрошваліся гістарычныя паралелі з Распуціным на мясцовым узроўні.
Пасмяяўшыся над гэтым, Калпакоў склаў новы акт аб перадачы саўгасам
“Завалочыцы” лясоў плошчай каля 10 тыс. га. Акт падпісалі цяпер галоўны
аграном саўгаса Грын Роза Ізраілеўна (досыць незадаволеная гэтым),
землеўпарадчык Калпакоў і я, прадстаўнік лясгаса.
Перададзеныя
саўгасам землі былі пераважна суцэльнымі высечкамі, голымі ці зарослымі
драбналессем і кустарнікамі. Крыху захаваліся як лясы невялікія ўчасткі на
Стэльмачысе, за Карытнянскім каналам, на Тодараўшчыне ў Калёсах і каля
Арыжні на Станілеўшчыне (гэта складала каля 7-10% перададзеных плошчаў).
Пазней, пасля далучэння калгаса імя Будзённага ў 1959 годзе было перададзена
яшчэ некалькі тысяч гектараў “лесу”. Такім чынам Гарадокскае лясніцтва
павялічылася болей чым удвая. І па выніках лесаўпарадкавання 1960 года
было прынята рашэнне падзяліць яго на два лясніцтвы – Гарадокскае і
Завалочыцкае. Распараджэнне Савета Міністраў БССР “Аб стварэнні
Завалочыцкага лясніцтва плошчай 8,2 тыс.га” было абвешчана 16 ліпеня 1960
года. Адначасова з Завалочыцкім лясніцтвам гэткім жа чынам утварылася і
Веснаўскае лясніцтва.
У жніўні 1960 г. у
Гарадок прыехаў памочнік ляснічага Г.Траяноўскі (ён жа – сакратар парткама
лясгаса). Мяне запрасілі да ляснічага і ў прысутнасці ляснічага
Ф.А.Ваўчка Траяноўскі перадаў мне, што дырэктар лясгаса Доўнар М.К. запрашае
прыбыць да яго ў любы зручны момант. “У любы зручны момант” – гэта здзівіла,
бо звычайна дырэктар выклікаў, а не запрашаў, называючы дакладную дату і
час. Я не прымусіў чакаць сябе і назаўтра прыехаў у лясгас. Міхаіл
Канстанцінавіч сустрэў мяне ў гуморы, запрасіў у кабінет і размаўляў
досыць ветліва, нават неяк па-сяброўску, што было для мяне нязвыкла і
бянтэжыла. Вынікам гэтай размовы стала тое, што ён прапанаваў мне
ўзначаліць Завалочыцкае лясніцтва. Прапанова была нечаканай і я не ведаў,
што сказаць. “Ну я пайду дадому паабедаць, а ты тут пасядзі, падумай,” –
сказаў ён.
Пасля абеду ён
вярнуўся, паклікаў мяне і без лішніх распытванняў мовіў: “Надумаўся? Ну
вось і добра! Я на цябе спадзяюся. Што не будзеш ведаць, – дапаможам,
падкажам. З гэтага дня ты ў Гарадокскім лясніцтве не працуеш. Падбірай
месца для канторы, займайся штатам: 6 леснікоў ужо ёсць, гэта тыя, якія
працавалі на тэрыторыі, што адышла пад новае лясніцтва. Шукай астатніх
леснікоў і спецыялістаў...”
Загадам па Глускім
лясгасе № 1 ад 1.01.1961 г. утворана Завалочыцкае лясніцтва ў межах
адпаведна матэрыялам землеўпарадкавання 1960 года і ляснічым прызначаны
Булавацкі Мікалай Пятровіч.
На 1.01.1961
адпаведна штатнага раскладу, прапанаванага лесаўпарадчыкамі, штат
лясніцтва быў такім:
Ляснічы – 1;
Памочнік ляснічага –
1;
Бухгалтар – 1;
Участковы
тэхнік-лесавод – 2 (у 70-х гадах пасаду пераназвалі: майстар лесу);
Лясная ахова
(леснікі) – 13;
Конюх-прыбіральшчык –
1.
Акрамя таго, можна
было наймаць некалькіх рабочых для выканання пэўнай працы.
З Гарадокскага
лясніцтва ў Завалочыцкае пераведзены ляснікі:
1. Зубец Іван
Казіміравіч (абход № 2, вёска Тоўсты Лес).
2. Клыга Іван
Ігнатавіч (абход № 3, вёска Сімонавічы).
3. Пяхота Аляксей
Арцёмавіч (абход № 5, вёска Рудня).
4. Юрчанка Пракоп
Аляксандравіч (абход № 6, вёска Сімонавічы).
5. Лапанік Мікалай
Мікітавіч (абход № 7, вёска Ясянцы).
6. Луцкі Васіль
Пятровіч (абход № 8, вёска Сельцы).
7. Дзяшчэня Аляксандр
Аляксеевіч (абход № 10, вёска Калюга).
8. Шымчык Канстанцін
Іванавіч (абход № 11, вёска Заполле).
Фактычна, гэтыя восем
леснікоў не змянілі месца сваёй працы, яны працягвалі працаваць у сваіх
абходах, якія цяпер адышлі да Завалочыцкага лясніцтва. І я кожнага з іх
добра ведаў, бо шэсць гадоў працаваў разам з імі.
Іван Зубец, добры
працаўнік, сумленна і старанна выконваў свае абавязкі. 19 сакавіка 1969 года
ў ягоным абходзе зрабіў высечку Сцяпан Крэмень, дзядзька Івана
Казіміравіча па маці, гэта было якраз перад рэвізіяй. Іван пакрыўдзіўся на
дзядзьку, маўляў, свой чалавек дапамагаць павінен, а ён непрыемнасці
стварае. Засмучаны і расхваляваны, Іван зайшоў да дзядзькі і вельмі
эмацыянальна выказаў сваё незадавальненне. Адыходзячы, дайшоў да парогу,
упаў і памёр.
Іван Клыга раней
працаваў міліцыянерам у Старых Дарогах, актыўны і рашучы, але, нягледзячы
на ранейшую міліцэйскую практыку, следапыт слабаваты. Разбірацца ў тым, хто
і калі нанёс тую ці іншую шкоду лесу, не ўмеў, а мо й не хацеў. Крыху пазней
быў пераведзены на пасаду майстра лесу. У студзені 1971 года перайшоў на
працу ў Завалочыцкую сярэднюю школу.
Аляксей Пяхота
абавязкі лесніка выконваў някепска, але перашкаджалі схільнасць да
спіртнога і заляцанкі да жанчын. Жонка, змучаная такім жыццём і кпінамі
суседак, не сцярпела і сышла ад яго. Гэта не дапамагло Аляксею абразуміцца,
хутчэй наадварот, цяпер не было каму стрымліваць загулы. У выніку чалавек
быў за амаральныя паводзіны звольнены 16 жніўня 1965 года.
Пракоп Юрчанка,
удзельнік другой сусветнай вайны, старанны і кемлівы працаўнік, добры
следапыт і ахоўнік лесу. Службовыя абавязкі выконваў вельмі якасна. Праўда,
таксама мог выпіць шмат, але не співаўся (ваенная загартоўка!) і нават у
такім стане мог прымаць цвярозыя рашэнні і адказваць за свае справы. Памёр
7 красавіка 1977 года пасля працяглай хваробы.
Мікола Лапанік,
малады, энергічны, ганарлівы і, на жаль, схільны да злоўжывання службовым
становішчам. За высечку і продаж лесу з мэтай нажывы быў звольнены 6 жніўня
1963 г.
Васіль Луцкі, былы
сакратар Макавіцкага сельсавета, працаздольны, вынослівы і патрабавальны,
службовыя абавязкі выконваў добра. У сваім абходзе вёў даволі вялікую
лесакультурную працу. Добра арганізоўваў працу брыгад. 29 студзеня 1971
года пераведзены зноў у Гарадокскае лясніцтва.
Аляксандр Дзяшчэня,
патомны лесавод. Абход прыняў ад свайго бацькі. У яго ж пераняў і багаты
досвед працы. У абходзе яго намаганнямі створана шмат лясных культур. Браў
актыўны ўдзел у жыцці калектыву лясніцтва. Узнагароджаны ганаровым знакам
“ХХХ лет безупречной службы в лесной охране СССР”. Звольніўся ў сувязі з
дасягненнем пенсійнага ўзросту.
Кастусь Шымчык,
выпускнік Барысаўскага ПТВ лесаводаў, раней працаваў аб’ездчыкам у
Гарадокскім лясніцтве. Адукаваны, але не вельмі прынцыповы, дапускаў
парушэнні, недагляды, за што часта крытыкаваўся. Крытыка ўспрымалася і
свае абавязкі выконваў больш-менш здавальняльна. Звольніўся 2 верасня 1977
года па стане здароўя. Прызначана пенсія па інваліднасці (агульнае
захворванне).
Астатнюю частку
калектыву давялося камплектаваць мне. На 1.01.1961 у дырэктара лясгаса
ляжалі заявы на пасаду тэхніка-лесавода ад Емельянава Міхаіла Іванавіча
(вёска Арыжня) і на пасаду бухгалтара – ад Зубца Яўгена Пятровіча, Зубца
Івана Ўладзіміравіча і Епіхава Аляксея.
Абмяркоўваючы гэтыя
кандыдатуры, дырэктар патлумачыў, што М.Емельянаў – выпускнік
Буда-Кашалёўскага ляснога тэхнікума (закончыў на “выдатна”), працаваў
ляснічым Слаўкавіцкага лясніцтва, на гэтай пасадзе поспехаў не дасягнуў,
лясніцтва было адсталым, а ляснічы схільны да злоўжывання алкаголем і
службовым становішчам, за што ўрэшце і быў звольнены. Зараз – брыгадзір
паляводчай брыгады ў калгасе імя Будзённага (в.Арыжня). Рэкамендуецца на
пасаду майстра лесу. Паколькі не было прэтэндэнта на пасаду памочніка
ляснічага, я прапанаваў дырэктару прызначыць яго памочнікам. Дырэктар
сказаў: “Як хочаш, табе з ім працаваць, хаця я б не раіў”. І прызначыў яго
памочнікам, бо іншай кандыдатуры тады не было.
Усіх трох
прэтэндэнтаў на пасаду бухгалтара я ведаў як добрых працаўнікоў і не мог сам
выбраць. Таму прапанаваў дырэктару прызначыць бухгалтара на яго погляд.
Я.Зубец працаваў галоўным бухгалтарам калгаса імя Будзённага. На той час
быў бухгалтарам ліквідкама калгаса, бо гаспадарка была перададзена саўгасу
“Завалочыцы” і ён заставаўся без працы. Дырэктар прызначыў яго на пасаду
бухгалтара лясніцтва.
Такім чынам, памочнік
ляснічага і бухгалтар знайшліся адразу, на ніжэйшыя пасады шукаць людзей
было прасцей.
Леснікамі былі
прызначаны:
4.01.1961 – Шардыка
Іван Апанасавіч (абход № 12, вёска Заполле), Гурын Сяргей Рыгоравіч (абход
№ 13, вёска Туркі), Булавацкі Цярэнта Навумавіч (абход № 1, вёска Восы),
8.01.1961 – Жытнік
Лявон Іванавіч (абход № 3, вёска Арыжня) – на месца І.Клыгі, які стаў
выконваць абавязкі ўчастковага тэхніка-лесавода,
9.01.1961 – Кабановіч
Уладзімір Сямёнавіч (абход № 9, вёска Сельцы),
14.01.1961 – Голуб
Хведар Цімафеевіч (абход № 4, вёска Рудня),
З Гарадокскага
лясніцтва пераведзены лесарубы Горбель Лявон Лявонцевіч (вёска Яўсеевічы) і
Мігас Марк Раманавіч (вёска Тоўсты Лес) і рабочы Дзяленда Мікалай Іванавіч,
глуханямы (вёска Тоўсты Лес). Глуханямому ў лесе працаваць не дазвалялася
адпаведна тэх-ніцы бяспекі, але я на сваю рызыку гады паўтары не звальняў
Мікалая, даючы яму зарабіць, бо дзе б інакш ён змог зарабіць грошы. Потым ён
з’ехаў у другую вёску і нібыта нават там ажаніўся.
Цяжэй было знайсці
тэхнікаў-лесаводаў, бо тут патрэбны былі спецыяльна падрыхтаваныя людзі, а
такіх не было. Я ўспомніў, што ў мінулым годзе лясгас перадаваў гарэльнікі
Гарадокскага лясніцтва Бабруйскаму леспрамгасу. Перадачу ажыццяўлялі
інжынер Глускага лясгаса Платонаў Пётр Рыгоравіч і я, а прыёмку – інжынер
леспрамгаса П.Паплаўскі і майстар Слаўкавіцкага лесапункта А.Бізун. З
Аляксеем мы тады разгаварыліся і той сказаў, што яму болей падабаецца
працаваць у лясной гаспадарцы, чым у леспрамгасе, і ён пры магчымасці з
задавальненнем перайшоў бы на працу ў лясгас. Якаў, бацька Аляксея, жыў у
вёсцы Калюга, я даведаўся ў яго адрас сына і напісаў таму пісьмо.
19.01.1961 Аляксей звольніўся з леспрамгаса і пачаў працаваць выканаўцам
абавязкаў участковага тэхніка-лесавода ў Завалочыцкім лясніцтве. Крыху
пазней перавёўся з Гарадокскага лясніцтва і Голуб Канстанцін Трафімавіч.
Ён жыў у Рудні і працаваў тэхнікам-лесаводам у Гарадокскім лясніцтве.
Старшы ляснічы лясгаса Сліозберг Вера Іванаўна пратэставала супраць
пераводу Голуба ў Завалочыцкае лясніцтва нібыта па той прычыне, што
Гарадокскае лясніцтва застаецца без тэхнікаў-лесаводаў (на самой справе ў
яе з Голубам былі непрыязныя адносіны і яна проста не хацела дапамагчы
таму перайсці на працу бліжэй да дому), але дырэктар, нягледзячы на тое,
перавёў Голуба на пасаду участковага тэхніка-лесавода на ўчастак № 1 з 1
лютага 1961 года.
Лясгас выдзеліў
новаму лясніцтву аднаго каня (кабыліцу) і пасаду конюха, якую з 1.02.1961
заняў Окрут Мікалай Аляксандравіч, былы партызан атрада Шашуры, раней
працаваў рабочым Бабруйскага ДРБУ.
З кабылай той
гісторыя была такая. Некалі лясгас закупіў на конезаводзе добрую кабылу,
рысачку, для племені. Заплацілі дорага, таму вельмі ашчаджалі, бераглі.
Аднойчы начальнік цэха па перапрацоўцы драўніны Прэсман Хаім Гіршавіч
запрог яе і паехаў у нейкае лясніцтва. Агледзеўшы што трэба, спыніўся ў
лесніка на абед. Абед зацягнуўся. Кабылка чакала-чакала, замерзла,
узбунтавалася, адарвалася з прывязі і паскакала па вуліцы, а ў канцы
вёскі разбілася насмерць. Прэсмана прызналі вінаватым у гібелі жывёлы і
запатрабавалі кампенсаваць іншай галавой. Ён купіў у калгасе кабыліцу, яшчэ
не старую, гэтую кабыліцу і перадалі Завалочыцкаму лясніцтву, пад нагляд
М.Окрута.
Такім чынам, да 1
траўня 1961 года штат лясніцтва быў скамплектаваны цалкам.
Пад кантору лясніцтва
быў з вялікім скрыпам перададзены будынак былога Сімонавіцкага сельсавета
(Макавіцкі, Гарадокскі і Сімонавіцкі сельсаветы ў 1960 г. аб’ядналі ў адзін
Завалочыцкі сельсавет з цэнтрам у Завалочыцах і будынак Сімонавіцкага
сельсавета стаяў незаняты). На першым сходзе калектыву лясніцтва, калі
штат быў ужо скамплектаваны, у канторы было: адзін аднатумбавы стол і два
крэслы – для ляснічага і бухгалтара.
Вясной прыехаў
дырэктар лясгаса пазнаёміцца, як ідуць справы ў новым лясніцтве. Увесь дзень
мы з ім ездзілі па лесе і на заканчэнне ён сказаў: “Ну і лясы табе
дасталіся! Нават машыну дроў нарыхтаваць недзе, не тое што будаўнічай
драўніны!”
Лясы, што ўвайшлі ў
склад Завалочыцкага лясніцтва, складаліся на адну траціну з лясоў
Дзяржлесфонду, астатнія – з прынятых і ўпарадкаваных у 1960-61 гг. лясоў.
Упарадкаваліся лясы Мінскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыяй (таксатар
Адзярыха Ўладзімір Сцяпанавіч, пазней – інжынер Батанічнага сада ў Мінску,
лаўрэат дзяржаўнай прэміі за кнігу “Растительный покров Белоруссии” з
картай).
Вось такое лясніцтва
і прынята мною з 1.01.1961 адпаведна матэрыялам лесаўпарадкавання ў межах:
Заполле – Туркі – Макраны – Юзафова – Калюга – Макавічы – Масцішча –
Бабірова, далей – па мяжы Старадарожскага, Асіповіцкага і Бабруйскага
лясгасаў (і адпаведных раёнаў).
На год планавалася 3
га высечак дагляду лесу з аб’ёмам 100 куб.м і 600-700 куб.м санвысечкі. Лес
быў вельмі захламленым, патрабавалася шмат працаваць па яго ачышчэнні. І
вялікае значэнне мела наладжванне аховы лесу. Бо толькі за 1959 год па
Гарадокскім лясніцтве рэвізіямі устаноўлена больш за 3000 куб.м
самавольных высечак.
З чаго пачынаць?
Матэрыялы лесаўпарадкавання яшчэ не атрыманы, хаця папярэднія дадзеныя ў
нас ужо былі. Высечак догляду за лесам у межах 800 куб.м. Попыт на драўніну
і дровы у насельніцтва вялізны. Усё адпускаецца па нарадах. На аднаго
чалавека не болей за 5 куб.м дроў і не болей за 2-3 куб.м. драўніны з
дазволу старшыні сельскага савета, бо ні тога, ні другога катастрафічна не
хапала. Былыя калгасныя лясы практычна ўсе высечаны. Каму вельмі трэба было,
заставалася адно: красці. І кралі.
Акрамя таго, нейкай
паўднёвай фірмай была наладжана нарыхтоўка плёткі асіны для вырабу
капелюшоў. Плацілі людзям няшмат, але тады на любы заробак кідаліся, бо
заробкі ў калгасах ці саўгасах былі нізкімі, а тут аплата залежала ад таго,
колькі зробіш, вось і садзілася ўся сям’я плесці асінавыя стружкі.
Стружку можна было атрымаць ад заказчыкаў, але там яе было мала ды яшчэ па
яе трэ было ехаць у Глуск, таму ішлі здабываць стружку ў лес самастойна.
Спілоўвалі тоўстую асіну, адпілоў-валі ад ствала чурку даўжынёй 1-1,2 м і
цягнулі яе дадому (летам на калясцы, зімой на санках). Астатняе заставалася
ў лесе. Высечкі асіны былі вялізнымі – на сотні кубаметраў.
Цяжка вінаваціць
гэтых людзей. Бо заробкаў у калгасах не было, а падаткі плаціць
патрабавалі. Вось і зараблялі на падаткі гэткім чынам. Помню, маці ў
калгасе выпрацавала за год больш за 300 працаднёў і атрымала ў канцы года
30 кг нячышчанага жыта, 300 кг бульбы і 6 рублёў грашыма. Але два разы за
год брала вала ў калгасе прывезці дроў з лесу, за што павінна была
калгасу 8 рублёў. 6 выплачаных рублёў у яе адразу забралі. Такім чынам,
пасля году цяжкай працы засталася вінаватай калгасу два рублі. А яшчэ
розных падаткаў патрабавалася выплаціць больш за 200 рублёў. Ды яшчэ ж
хацелася адзець, абуць сына. А калі сыноў-дачок трое ці болей? І людзі
пагаджаліся на любую працу, дзе хаця б што-небудзь плацілі.
Старшыні калгасаў і
брыгадзіры не адпускалі калгаснікаў на некалгасную працу. І калі хто-небудзь
на які дзень-два сыходзіў на заробкі, на поўную глотку крычалі, пагражаючы:
“Усадзьбу абрэжам па вуглы!” Пагроза была істотнай, бо свой кавалачак
зямлі быў адзі-най крыніцай існавання. Тое, што вырастала на гэтай зямлі,
складала асноўны харч селяніна. Людзі трымалі кароў, свіней, птушак, але
малако, масла, мяса і яйкі большай часткай трэ было прадаць, каб сплаціць
падаткі.
Натуральна, што, не
маючы грошай, каб выпісаць лес ці дровы, людзі йшлі красці патрэбнае. Гэта
ўскладняла працу па ахове лесу. Леснікі адказвалі за свой абход у любы час
сутак і пры любым надвор’і, гэта азначае, што працавалі кругласутачна.
Былі выпадкі, калі за адну ноч па лясніцтве было складзена 10-12 актаў аб
лесапарушэннях. А колькі было выпадкаў, калі леснікі даравалі парушэнне, бо
не паднімалася рука складаць пратакол на суседа ці на сваяка. Хаця дараваць
не вельмі і атрымоўвалася, бо крадзе лес сваяк ці сусед, а адказваць
даводзіцца лесніку самому. Гэта пры тым, што ў леснікоў былі й іншыя
абавязкі: нарыхтоўка семені лясных культур, вырошчванне пасадачнага
матэрыялу ў лесагадавальніках, стварэнне сотняў гектараў новых лесапасадак
ды інш.
Ніякіх механізмаў тады не было,
усё рабілася голымі рукамі, якіх патрабавалася шмат, але ўзяць гэтыя рукі
можна было толькі ў калгасах. З кіраўніцтвам калгасаў размаўляць было
цяжка. Калгаснымі старшынямі станавіліся ў тыя часы пераважна былыя
кіраўнікі партызанскіх атрадаў ці падпольных груп. Яны лічылі сябе
гаспадарамі на зямлі, а ўсіх астатніх – іх абслугай, і лічылі, што могуць
загадваць не толькі калгаснікамі.
Да прыкладу, да
старшыні калгаса імя Будзённага (цэнтр – вёска Сімонавічы) А.Гурына аднойчы
звярнуўся камандзір бліжэйшай вайсковай часткі, якой спатрэбіўся будаўнічы
лес. Аляксандр Іларыёнавіч не стаў нічога афармляць, а проста прывёў
камандзіра ў калгасны лес і развёў рукамі: высякайце, колькі трэба. Але на
калгасных землях будаўнічага лесу ўжо амаль не было, а мяжа паміж калгасным
і дзяржаўным лесам яшчэ не была пазначана. І салдаты пачалі высякаць
лепшыя дрэвы з дзяржлесфонду. Я вымушаны быў спыніць высечку. Старшы
лейтэнант патлумачыў мне, што высякаюцца дрэвы з дазволу старшыні калгаса.
Я пайшоў да старшыні высветліць, на якой падставе гэта робіцца. Але той
абышоўся са мной груба (маўляў, ты яшчэ малады рашаць са мной такія
пытанні) і няветліва выдаліў мяне з кабінета. Я склаў пратакол (копію
якога А.Гурын атрымаць адмовіўся) і перадаў яго ў лясгас, а з лясгаса ён
патрапіў у райкам партыі. Гурына і мяне выклікалі на пасяджэнне райкаму.
Убачыўшы мяне там, Гурын абурыўся, маўляў, гэтаму смаркачу я нічога
тлумачыць не буду. Але сакратар райкаму запатрабаваў тлумачэнняў, на якой
падставе парушана пастанова Савета міністраў і ЦК КПБ, назваўшы яе нумар
і дату. Тут Гурын прымоўк. Мяне і дырэктара лясгаса адпусцілі, а з Гурыным
была непрыемная для таго размова, якая скончылася вымовай па партыйнай
лініі. На лесасеку былі аформлены неабходныя дакументы.
Пазней, калі я
ажаніўся і пачаў будаваць свой дом, звярнуўшыся ў сельсавет, каб атрымаць
зямельны ўчастак, А.Гурын заявіў старшыні сельсавета: “На калгаснай зямлі
яму месца не будзе!”
Гэткім жа
самаўладарным фанабэрыстым кіраўніком быў і старшыня калгаса імя Кірава
(цэнтр – вёска Бабірова) К.Пінчук, былы камісар партызанскага атрада. Калі
яму спатрэбіўся матэрыял для рамонту саней, калёс, трактарных саней ды
іншага транспарту, ён паслаў калгаснікаў у лес прывезці неабходную
драўніну. Лесаахова вылавіла некалькіх парушальнікаў. Частка драўніны была
знойдзена ў іх дома, частка была завезена на калгасны двор. У такім выпадку
пры складанні акту аб лесапарушэнні павінен быў прысутнічаць (і падпісаць
яго) прадстаўнік улады, г.зн. які-небудзь дэпутат. Але дэпутат раённага
савета сам Конан Фёдаравіч, у сельскім савеце – ён жа і тры жанчыны,
перадавікі калгаснай вытворчасці. Гэтым жанчынам ён забараніў удзельнічаць
у складанні акта. І старшыня сельсавета не змог перапыніць такога
самаўпраўства. У райвыканкаме мяне скіравалі зноў жа да К.Пінчука. Я
прапанаваў таму скласці акт аб парушэнні не на калгас, а на асобных
калгаснікаў, але на маё здзіўленне старшыня сказаў, што не ведае прозвішчаў
калгаснікаў, нават сваіх суседзяў. Акт быў складзены на калгас, копія
перададзена старшыні, але той паслаў нас кудысь далёка, заявіўшы, што ніхто
не мае права яго пакараць. З гэтым аднак не пагадзілася суддзя Гольдзіна
Марыя Эрнэстаўна і, разгледзеўшы нашы матэрыялы, прысудзіла калгасу штраф,
што выклікала вялікае абурэнне К.Пінчука. На наступны год ён паслаў
калгаснікаў скасіць усе нашы сенакосы і надзелы лесааховы. Натуральна, што
скошанае сена (дзве тоны) мы забралі ў лясніцтва. К.Пінчук паслаў скаргу ў
райвыканкам, маўляў, лясніцтва самавольна забірае ў беднага калгаса
патрэбнае калгасным каровам сена. Скарга разглядалася доўга, на некалькіх
паседжаннях выканкама. Было відавочна, што Конан Фёдаравіч няправы, але
ўлічваліся яго партызанскія заслугі і патрэба пракарміць калгасных кароў.
Урэшце прынялі “саламонава рашэнне”: прызналі, што ляснічы правы, але сена
калгасу трэба вярнуць і штраф не спаганяць.
Праз некаторы час у
Бабірове мяне ўбачыў старшыня райвыканкама (прозвішча, здаецца, Маннікаў)
і запытаў, ці вернута сена калгасу. Я адказаў, што сена ў калгасе шмат,
нават не скошана яшчэ 30 га сенакосаў першым укосам. Гэтаму старшыня
райвыканкама не паверыў. Давялося завезці яго разам з Пінчуком на названы
ўчастак. І там старшыня райвыканкама выказаў Пінчуку сваё абурэнне. На
другі год Пінчук ужо не касіў нашы сенакосы, але сам асабіста прагнаў праз
іх статак калгасных кароў. Пяць гадоў ён рабіў нам падобныя гадасці, але
аднойчы мы сустрэліся з ім за сталом і ўрэшце прымірыліся. Пазней нават
пасябравалі.
А наконт пабудовы
дома давялося звяртацца да дырэктара саўгаса “Завалочыцы” М.І.Блахіна.
Міхаіл Іванавіч прыязна паставіўся да маёй патрэбы і даў дазвол на
выдзяленне ўчастка. Але выбраны мною і пазначаны тычкамі ўчастак праз два
дні быў па загадзе галоўнага агранома Р.Грын закультываваны і тычкі мае
выкінуты. Мне паведамілі, што будоўля на дадзеным участку не дазваляецца. Я
выбраў іншы ўчастак, з ім таксама ўзнікалі праблемы, але, не зважаючы на
тое, я завёз лес і пачаў будавацца.
Будоўля ішла цяжка.
Было шмат кантралёраў і праверак. Былі ананімныя пісьмы – то ў рэдакцыю
газеты, то ў міліцыю – аб злоўжыванні мною службовым становішчам, па гэтых
пісьмах праводзіліся рэвізіі дакументацыі, розныя праверкі, якія ніякіх
парушэнняў не выявілі. Праз такое вымотванне нерваў у 1962 годзе я з сваёй
сям’ёй усё ж засяліўся ва ўласны дом, дзе і пражываю дагэтуль.
На першае лета ў
лясніцтве працы было вельмі шмат. Ачыстка леса ад захламленасці і высадка
леса на вялікіх плошчах патрабавалі шмат рабочых рук. Глебу пад пасадку трэ
было падрыхтоўваць коньмі, а ў лясніцтве была толькі адна кабыла. Праўда,
работнікам лесааховы дазвалялася мець каня ў асабістым карыстанні і
некаторыя леснікі набылі коней, якія таксама прыцягваліся на працу ў
лясніцтва.
У калгасах і саўгасе
былі свабодныя работнікі, але кіраўнікі гаспадарак не дазвалялі ім
падзарабляць на баку, у тым ліку ў лясніцтве. Прадстаўніку лясніцтва трэ
было з’явіцца а сёмай гадзіне на нарад у гаспадарку і дамовіцца з
старшынём, потым ісці ў брыгаду дамаўляцца з брыгадзірам, пасля чаго
сазвоньвацца з лясгасам і выклікаць машыну. Шафёр Шулакоўскі перавозіў
рабочых на сваім грузавіку за 4-5 рэйсаў. Усяго ў лясніцтве было 150 мячоў
Колесава для пасадкі лесу, з якімі маглі працаваць 300 чалавек. На
сарціроўку і падноску саджанцаў патрабавалася да 40 чалавек. Людзі, якія
прыходзілі, працавалі з ахвотай, тэхналогію пасадкі выконвалі дакладна.
Магчыма, спрыяла гэтаму і перспектыва заробку. Але, думаецца, не толькі.
Чалавек, які здавён жыве і працуе на зямлі, ведае, што такое лес для яго.
Лес выратоўваў людзей у вайну, лес дапамагае ім і ў мірны час. Працавалі ад
7-8 гадзін раніцы да позняга вечара. Летам на доглядзе за ляснымі
пасадкамі працавалі ад 20 да 40 чалавек. Былі вялікія праблемы з
арганізацыяй такой работы. Кожнага трэба было прыняць на працу, завезці на
месца, даставіць туды і раздаць інструменты, паказаць, якую канкрэтна
выконваць працу, завезці назад, дамовіцца аб рабоце на наступны дзень. З
людзьмі дамаўляцца было проста. Нашмат цяжэй было ўзгадняць усе такія
пытанні з кіраўніцтвам гаспадарак. Мала дапамагалі тут і сельскія саветы,
яны найперш клапаціліся пра сельгасвытворчасць.
Тым не менш,
лясніцтва ўжо з першага года свайго існавання мела добрыя паказчыкі і
займала высокія месцы ў так званым “сацыялістычным спаборніцтве”.
Як ужо казалася, кіраўнікі гаспадарак
адчувалі сябе каралямі на сваёй зямлі і ўсё, што размяшчалася на тэрыторыі
гаспадаркі (дзіцячы садок, школа, сельмаг, камбінат бытавога абслугоўвання
ды інш.), лічылася імі дадаткамі да гаспадаркі, якія павінны былі
абслугоўваць яе работнікаў. А ўсе, хто абслугоўвае сельгасработнікаў,
павінны былі падпарадкоўвацца дырэктару саўгаса ці старшыні калгаса і
выконваць яго распараджэнні. Такое стаўленне з іх боку было напачатку і ў
адносінах да лясніцтва, бо кантора лясніцтва размяшчалася на тэрыторыі
нейкай гаспадаркі. Я не мог з гэтым пагадзіцца, бо лічыў лясную гаспадарку
асобнай структурай, якая суседзіць з сельскай гаспадаркай, але мае
сваю тэрыторыю і на ёй свае метады вядзення гаспадаркі, адпаведныя дзейным у
краіне законам. Прывыкаць да такога меркавання кіраўнікам сельскіх
гаспадарак, якія раней мелі лес у сваім распараджэнні, было надта ж цяжка.
На гэтай глебе ўзнікалі шмат-лікія канфлікты.
Леснікі, якім
дазвалялася мець у асабістым карыстанні і карову, і каня, мелі службовыя
сенакосы, з якіх забіралі сена і першага, і другога ўкосу. Досыць часта
здаралася, што скошанае на тых сенакосах сена брыгадзір забіраў у калгас ці
саўгас. Тлумачылася гэта неабходнасцю падтрымліваць дысцыпліну ў
гаспадарцы. Справа ў тым, што калгаснікам не дазвалялася нарыхтоўваць сена
для асабістага карыстання з першага ўкосу, каб не было “разбазарвання
сацыялістычнай маёмасці”. Першы ўкос – заўсёды для калгасных статкаў. А
леснікі нібыта гэты “закон” парушалі, што нервавала калгасных
“заканадаўцаў”.
Забранае ў калгас
сена даводзілася вяртаць леснікам праз суды. Суды абавязвалі гаспадаркі
сена вярнуць і яго вярталі, але вярталі не тое, што забралі, а тое, якое
выдзеліць брыгадзір, горшай якасці ды, здаралася, увогуле падгнілае.
Акрамя таго, на гэтыя суды траціўся каштоўны летні час.
Лета для лесааховы – пара
вельмі гарачая. У літаральным і ў пераносным сэнсах. Пажар – самае вялікае
няшчасце для лесу. Ніякі парушальнік не папсуе столькі лесу, колькі знішчыць
пажар. Да таго ж, пажары вынішчаюць не толькі лес, яны знішчаюць усё жывое
ў лесе – мікраарганізмы, грыбніцу, жамяру, гадаў і жывёл. За лета
даводзілася тушыць ад 7 да 15 пажараў на вялікіх плошчах. Тушыць лясныя
пажары вельмі цяжка, а тым, хто не ведае метадаў і тактыкі тушэння лясных
пажараў, справіцца з імі амаль немагчыма. Шмат лясоў гінула ад пажараў.
Давялося на даху канторы лясніцтва збудаваць назіральную вышку з
азімутальным кругам, а ў кожнай вёсцы стварыць назіральныя пункты з
блізкай тэлефоннай сувяззю і арганізаваць навучанне супрацоўнікаў
лесааховы па тушэнні лясных пажараў. Гэтыя мерапрыемствы значна зменшылі
страты лесу ад пажараў. Пажары цяпер своечасова заўважаліся і
ліквідоўваліся на пачатковай стадыі. Праводзілі адпаведныя гутаркі з
школьнікамі, прасілі іх аказваць лесаахове дапамогу. Досыць часта менавіта
паведамленні дзяцей, асабліва пад час вакацый, дапамагалі своечасова
справіцца з агнём у лесе. Нярэдка школьнікі дапамагалі і тушыць.
Варта адзначыць, што лясныя
пажары – гэта амаль заўсёды справа рук чалавечых. За 49 год маёй працы ў
лясной гаспадарцы толькі адзін раз пажар распачаўся з удару маланкі пад час
навальніцы. Усе астатнія выпадкі – або ненаўмысны падпал, напрыклад, пры
выпальванні сухой травы вясной ці ад кінутага ў сухую траву недакурка,
або, здаралася, і наўмысны.
Так, аднойчы жыхар
вёскі Лука быў злоўлены лесніком Ц.Булавацкім і пакараны за самавольную
высечку. Помсцячы за гэта, ён тры разы падпаліў лес (мяркуючы, што паліць у
абходзе Ц.Булавацкага, але паліў у абходзе І.Зубца, бо не ведаў межаў
абходаў).
Ляснік калгаса імя
Кірава Ф.Кандратовіч быў пакараны штрафам у 1 рубель 24 капейкі за
самавольнае высяканне сухастою на дровы. І тут крыўда вылілася ў
неаднаразовае падпальванне лесу. На трэцім выпадку і адзін, і другі
папаліся і болей не падпальвалі.
Меры, якія мы прымалі, усё ж
дзейнічалі і людзі станавіліся больш абачлівымі пры выкарыстанні агня ў
лесе. Але быў у гэтым і другі бок: людзі пачыналі баяцца, што іх аштрафуюць
за падпал. І калі чалавек, знаходзячыся па нейкай патрэбе ў лесе, заўважаў
пажар, ён замест таго, каб кінуцца тушыць, хутчэй збягаў з таго месца, каб
яго не западозрылі ў падпале.
Калі пачынаўся перыяд сухога
надвор’я і нарастала небяспека пажараў, лесаахова працавала вельмі
напружана. З пяці гадзін раніцы мы перакрывалі выезды ў лес, спынялі ўсіх,
хто йшоў ці ехаў па грыбы ці ягады, рэгістравалі транспарт, ездавых і
старшых групы, асабліва калі гэта былі немясцовыя жыхары, распавядалі ім,
дзе можна хутчэй назбіраць грыбоў ці ягад і прасілі не разводзіць
вогнішчаў, не кідаць незатушаныя недакуркі, а калі ўбачаць пажар, прыняць
меры па яго ліквідацыі ці паведаміць прадстаўнікам лесааховы. У залежнасці
ад ураджайнасці грыбоў і ягад лясы Завалочыцкага лясніцтва наведвалі за
перыяд збору ляснога ўраджаю да пяці тысяч прыезджых людзей і некалькі
сотняў транспартных сродкаў. Гараджане звычайна з разуменнем ставіліся да
нашых просьбаў.
На той час амаль усе
палілі ў сваіх печах дрывамі. Ні торфу, ні вугалю насельніцтву не адпускалі.
Торфам палілі толькі на спіртзаводзе і, каб тыя, хто працуе на
спіртзаводзе, не цягалі торф дадому, ім дазвалялася выпісваць торф і для
сябе. Астатнія палілі дрывамі, якіх на ўсіх не хапала. Таму хадзілі красці
дровы ці ў калгасныя лясы, ці ў дзяржлесфонд.
Таксавы кошт дроў быў
досыць нізкі (паўтары капейкі за кубаметр), ды й будаўнічай драўніны
ліставых парод невялікі (ад 10 да 40 капеек за кубаметр). І штрафы ў памеры
10-кратнага кошту нікога не пужалі. Людзі не вельмі й хаваліся. Калі ў каго
на двары знаходзілі самавольна выразаны лес ці дровы, людзі аплочвалі штраф
і спакойна карысталіся цяпер ужо “законна” сваім лесам. Галоўнае было
давезці лес да дому, каб не перапынілі па дарозе і не забралі (гэта
называлася: секвестрыраваць), бо тады і лесу няма, і штраф плаціць трэба.
Сваіх коней у людзей
(акрамя леснікоў) не было. Таму, каб прывезці нарэзаны лес, трэ было
выпрошваць каня ці машыну ў гаспадарцы. Такое дазвалялася толькі ў вольны
ад працы час (да пачатку работ ці пасля іх заканчэння). Таму людзі ехалі за
лесам часцей у цёмны час сутак. Каб злавіць каго, даводзілася збіраць
групу, бо адзін ляснік тут нічога б не здолеў, і рабіць аблавы. У асобных
выпадках даводзілася ўзбройвацца. У некаторыя ночы спынялі па 5-12 павозак,
гружаных лесам. Але спыніць – палова справы. Што далей? Дакументаў у
чалавека няма, дэпутаты з гэтых населеных пунктаў прысутнічаць пры
складанні акта адмаўляліся (маўляў, парушальнікі – людзі не слабыя, могуць
і галаву адкруціць). Нават старшыня калгаса, як ужо паміналася, адмаўляўся
называць прозвішча суседа, маўляў не ведаю. Даводзілася прыцягваць
міліцыю. З міліцыяй складаем пратакол аб парушэнні, потым высвятляецца,
што пратакол складзены на чалавека, які памёр яшчэ да 1917 года, ці на
паліцэйскага, расстралянага партызанамі пад час вайны.
Распавяду некалькі
паказальных выпадкаў.
Аднойчы раніцай
выявілася, што на Станілеўшчыне (былы хутар Станілевіча паміж Арыжняй і
Сімонавічамі) спілена 18 соснаў, ад кожнай адпілена бервяно па 8,5
метраў і вывезена машынай у бок Радуціч-Дараганава. Мы з лесніком
аб’ездзілі ўсе пункты перапрацоўкі драўніны, усіх забудоўшчыкаў у
Дараганаве і вакол і нічога не знайшлі. Два дні страцілі попусту. Зайшлі з
мэтай паабедаць да маёй знаёмай Філатавай Аляксандры. Яна размаўляла з
суседам на вуліцы. Сусед, калі пачуў, з якой мэтай мы тут ездзім, распавёў,
што ў тую ноч ён дзяжурыў на чыгуначнай станцыі і прыкладна а другой гадзіне
ночы бачыў, як ЗІС-150 з прычэпам, гружаны лесам, скіраваўся ў бок
Асіповіч. Мы паехалі ў Асіповічы, зайшлі ва ўпраўленне капітальнага
будаўніцтва райвыканкама і выпісалі ўсіх забудоўшчыкаў, іх было больш за
сорак. Звярнулі ўвагу, што адзін з іх прыехаў з вёскі Лука, якая недалёка
ад месца пакражы лесу. У яго і знайшлі скрадзеную драўніну, большая частка
якой была ўжо ўкладзена ў сцены новага дома. Нас ён на двор не пусціў.
Мясцовы дэпутат (жанчына гадоў сарака пяці) прысутнічаць пры складанні акта
адмовілася, маўляў, яна не ведае прыезджых людзей і баіцца іх. Звярнуліся
ў міліцыю. Участковы запрасіў старшыню вулічнага камітэта і з імі мы
змаглі патрапіць на двор. Там мы знайшлі два абрэзкі камлёў ад нашых пнёў
(іх чалавек не паспеў спаліць) і абмералі колькасць укладзенай у сцены
драўніны, запатрабаваўшы на яе дакументы. Дакументаў не хапала. Мы
запрасілі гаспадара праехаць разам з намі на месца пакражы, каб зверыць
знойдзеныя на яго двары камлі з нашымі пнямі. Яму нічога не заставалася,
як прызнаць сваю віну і сплаціць нанесены лясной гаспадарцы ўрон.
Патлумачыў, што лес купіў у лесніка саўгаса “Завалочыцы” С.Бунеша за два
мяшкі пшанічнай мукі вышэйшага гатунку.
Другі выпадак.
Аднойчы ішоў у дзень нейкіх выбараў да свайго дома, яшчэ нежылога, і
ўбачыў, што за ракой па Яўсеевічах у бок Рудні пайшла машына “ЗІЛ” з
прычэпам. Падумаў: нібыта ж у тым баку і драўніны на вываз ніякай няма. Але
турботы з выбарамі (я быў у складзе выбарчай камісіі) адцягнулі ўвагу.
Крыху пазней пад’ехаў Астроўскі Зміцер на грузавіку і кажа, што ён едзе ў
Тоўсты Лес, вязе урну для галасавання тым, хто не змог прыйсці, і я павінен
ехаць з ім як другі член выбарчай камісіі. Паехалі праз Яўсеевічы.
Праязджаючы праз урочышча Масты, пачулі гул машыны, яна прайшла за
могіл-камі, размінуўшыся з намі. Праехалі далей і ўбачылі свежазрэзаныя
дрэвы. Спілена 14 соснаў, адпілены бярвенні па 8 метраў і, відаць, вывезеныя
гэтай машынай. Уся работа выканана вельмі хутка, максі-мум за 40 хвілін.
Едучы назад, я
распытваў людзей на Рудні і ў Яўсеевічах, але ніхто не звярнуў увагі на
нумар машыны. І хто ехаў, не пазналі. Машына, нідзе не спыняючыся, выйшла
на шашу і павярнула ў бок Глушы. Толькі вартаўнік саўгаснага двара сказаў,
што машына на хвілінку спынялася каля дома Клыга Ганны і хутка паехала
далей.
Пачалі сваё
расследаванне. Даведаліся, што машын маркі “ЗІЛ” ні ў Глушы, ні ў Дойнічаве
ці Гарбацэвічах няма. Пачалі шукаць у Бабруйску. Высветлілі, што ў
Бабруйск пераехаў сын Ганны Клыга і будуе дом па вуліцы Механізатараў.
Наведалі яго, але лесу там не знайшлі. Даведаліся ў гарвыканкаме адрасы
дрэваапрацоўчых камбінатаў, якія могуць прымаць драўніну ў распілоўку,
але й там нічога не знайшлі. Так і дзень скончыўся нічым. На начлег зайшоў
да сваяка Ўладзіміра Сямёнава, які жыў якраз па вуліцы Механізатараў. Той,
пачуўшы пра мае клопаты, сказаў, што недалёка ёсць малая ўстаноўка ад
нейкай фірмы з гатарам для распілоўкі драўніны. Адразу пайшоў туды і
ўбачыў нашы бярвенні. Але вартаўнік не ведаў, хто іх прывёз, бо ён на той
дзень не дзяжурыў. Знайшоў вартаўніка, які дзяжурыў тады, але й ён нічога
не помніў. Назаўтра з раніцы зайшоў да дырэктара, прапанаваўшы таму
падпісаць акт аб лесапарушэнні яго фірмай. Дырэктар склікаў усіх чатырох
сваіх вартаўнікоў, але ніхто з іх не змог нічога патлумачыць. “Што ж, –
сказаў дырэктар да мяне, – ацаніце нанесены ўрон, я гэта аплачу і лес
забяру, а выплачаную суму ўтрымаю з вартаўнікоў, ды й падумаю, каб
знайсці ім замену, бо не спраўляюцца”. Пераглянуліся вартаўнікі і адзін з
іх неахвотна патлумачыў, што ягоны сусед Клыга папрасіў яго прапусціць
машыну і дапамагчы распіліць лес, нікому пра гэта не гаворачы. Знайшлі
Клыгу, той выплаціў усё, што патрабавалася і прывёз квітанцыі.
Патлумачыў, што тады з ім прыехалі восем чалавек з чатырма ручнымі піламі.
Прыблізна за 20-30 хвілін былі спілены тыя дрэвы, адпілены і пагружаны
бярвенні, а калі пачулі гул нашай машыны, праехалі другім бокам могілак,
бо месцы гэтыя ён добра ведае.
І яшчэ выпадак. Як
кажуць, і смех, і грэх. Ляснік А.Дзяшчэня неяк раніцай заўважыў, што
спілены і вывезены машынай бярозы з яго ўчастка. Пошукі не далі плёну. Дзён
праз 20 зноў такое ж парушэнне. Цікаўлюся, ці прыязждаў хто з машынай у тыя
дні. Аказваецца, прыязджаў былы сусед лесніка, які пераехаў у Салігорск.
Запрасіў і лесніка ў госці, пілі да дзвюх гадзін ночы, потым разышліся.
Пытаюся ў лесніка, ці не мог гэты сусед парэзаць бярозы. “Навошта ж яму? –
кажа, – Жыве ў добраўпарадкавай кватэры, дровы не трэба.” Праз некаторы
час зноў прыязджае той сусед, п’юць да позняй ночы, а назаўтра зноў
свежазрэзаныя бярозавыя пянькі. Камандзірую А.Дзяшчэню ў Салігорск, у яго
там шмат знаёмых і сваякі ёсць, і ён разведаў, што інжынер-механік
прадпрыемства, дзе працуе былы сусед лесніка, дае яму на выхадныя дні
машыну, каб ён прывозіў дровы бацьку таго інжынера, што жыве ў вёсцы побач
з Салігорскам. Давялося ім за гэтыя дровы плаціць.
Былі самавольныя
высечкі ў абходзе М.Басалыгі. Я прапанаваў яму больш увагі надаваць ахове
лесу. Праз тыдзень прыносіць заяву аб звальненні. Выяўляецца, што злавіў
парушальнікаў з Паставіч і тыя, пагражаючы сякерай, папярэдзілі, што
могуць і жыцця пазбавіць. Абход Басалыгі прыняў Мікалай Лапанік. Ён
таксама баяўся. Я прапанаваў яму ў размовы з парушальнікамі не ўступаць, а
прасачыць, куды яны павязуць лес, да самай хаты. Ён так і зрабіў. На другі
дзень я з леснікамі П.Юрчанкам, М.Лапанікам і конюхам М.Окрутам паехаў у
Паставічы. Запрасілі дэпутата сельсавета (галоўны бухгалтар калгаса
Давыдаў) і пайшлі па хатах, дзе была і наша, і не наша драўніна. Калі
гаспадар не мог прад’явіць дакументаў, лес забіралі і вывозілі на школьны
двор пад ахову школьнага вартаўніка (дырэктар школы І.Ліноўскі, заслужаны
настаўнік Беларусі, быў добра знаёмым мне чалавекам). Зрабілі зрэзы камлёў,
склалі пратакол, заехалі дадому да І.Ліноўскага падпісаць акт аб перадачы
драўніны школе, а калі выйшлі з хаты, то зрэзаў на возе не аказалася,
скралі. На наша шчасце, на возе было сена, і ў сене захаваліся два зрэзы,
якіх выкрадальнікі ў спешцы не заўважылі. Гучная была справа, Старадарожскі
суд разглядаў яе 4 месяцы. Потым высветлілася, што суддзя атрымаў хабар ад
Дзмітрукоў, парушальнікаў (кралі лес бацька з сынам), і ўсяляк імкнуўся
апраўдаць іх. Не змог. Пасля таго з Паставіч ужо не ездзілі да нас красці
лес.
Падобных выпадкаў
было шмат, яны вельмі перашкаджалі нармальнай працы лясніцтва, адцягваючы
на расследаванні і час, і сілы, і сродкі. Даводзілася афармляць шмат рознай
дакументацыі, афармляць дакладна і правільна, каб яе можна было скіроўваць
і ў суд, і ў пракуратуру, а калі-нікалі ў райвыканкам ці райкам партыі. Але
справа йшла.
Каб выконваць планы
па пасадцы лесу, патрабавалася шмат саджанцаў, таму зімой займаліся
нарыхтоўкай шышак сасны. Нарыхтоўвалі да трох тон шышак за зіму. Затым
пачалі вырошчваць пасадачны матэрыял, закладвалі гадавальнікі. Паступова
аб’ёмы працы пашыраліся, лясная справа, як і любая галіна народнай
гаспадаркі, развівалася, што патрабавала павышэння кваліфікацыі яе кадраў.
Ужо з 1964 года пры лясніцтве былі створаны курсы па падрыхтоўцы леснікоў
па 100-гадзіннай праграме, курсы дзейнічалі на працягу многіх гадоў.
Набыўшы спрыт у лесапасадках, мы
пачалі займацца і лесамаляваннем. Напрыклад, на 50-гектарнай пасадцы сасны
каля вёскі Бабірова ў 1967 годзе (да 50-годдзя савецкай улады) бярозай
былі высаджаны лічбы “50” і пяціканцовая зорка. Блізу таго ж Бабірова, ва
ўрочышчы Дзяшчыха гэткім жа спосабам у 1971 годзе адзначылі 50-годдзе
стварэння БССР, выклаўшы бярозай па сасне: “БС50СР”. Былі і іншыя
маляўнічыя адзнакі розных юбілеяў па маладых лесапасадках, і праз шмат
гадоў гэтыя знакі былі добра бачнымі на фота-планах.
Змянялася кіраўніцтва
лясгаса. Доўнар М.К. з пасады дырэктара лясгаса быў пераведзены на пасаду
загадчыка райпалівазбыту. На яго месца прыбыў малады, энергічны, хаця й
недастаткова адукаваны, выпускнік Буда-Кашалёўскага ляснога тэхнікуму
Саўчанка Мікалай Пятровіч, які раней працаваў ляснічым у Чэрыкаўскім
лясгасе. Галоўным ляснічым стаў Саўкоў Мікалай Аляксандравіч, выпускнік
Беларускага тэхналагічнага інстытута, добра адукаваны і прынцыповы
кіраўнік. Чаму не наадварот, – цяжка сказаць, у начальства свае меркаванні.
Жонка Мікалая Галіна Канстанцінаўна стала інжынерам лясных культур. Праца
лясгаса набывала больш парадку і арганізаванасці. Павысілася ўвага да
дзейнасці падначаленых лясніцтваў. У Завалочыцкім лясніцтве праца была
добра наладжанай і пра наша лясніцтва ўхвальна выказваліся з розных
трыбун на канферэнцыях, сходах, заахвочвалі прэміямі да святаў.
Чамусьці гэта не
спадабалася майму памочніку М.Емельянаву. На адным з пасяджэнняў рабачкаму
лясгаса ён выказаўся ў тым сэнсе, што ён працуе болей за іншых, а хваляць,
зусім не па заслугах, лясніцтва ды ляснічага. Прычынай гэткай “крытыкі”
было тое, што Міхаіл Іванавіч любіў браць з кліентаў магарыч за нейкія
паслугі, напрыклад за адбор лепшага лесу пры адпусканні насельніцтву, за
лепшыя дровы, а я, як ляснічы, такія захады перапыняў. Вось і вылілася
аднойчы раздражненне ў прылюдную “крытыку”. Выслухаўшы гэты выступ, галоўны
ляснічы вырашыў правесці рэвізію лясніцтва. Была дасканала праверана праца
ўсяго калектыву і высветлілася, што галоўныя парушэнні і недапрацоўкі
менавіта там, за што адказваў М.Емельянаў. У выніку ў Міхаіла Іванавіча
з’явілася “ўласнае жаданне” пакінуць працу памочніка. 4.01.1965 на гэтую
пасаду быў прызначаны Голуб Канстанцін Трафімавіч (на той час
студэнт-завочнік Беларускага тэхналагічнага інстытута). У тым жа годзе за
амаральныя паводзіны быў звольнены ляснік А.Пяхота, на яго месца
пераведзены лесаруб Горбель Леанід Лявонцьевіч. Участковы тэхнік-лесавод
А.Бізун пайшоў на павышэнне ў Слаўкавіцкае лясніцтва пасля завочнага
заканчэння Бранскага лесатэхнічанага інстытута.
Лясы, прынятыя пад
ахову ад калгасаў і саўгасаў, узнаўляліся хутка, шматпарасткавым метадам,
пераважна ліставымі пародамі. Да канца 60-х гадоў аб’ёмы высечак догляду
за маладняком значна выраслі і дасягнулі трох тысяч кубаметраў драўніны за
год. Многія зарослыя ўчасткі даводзілася рэканструяваць, г.зн. высаджваць
там каштоўныя пароды – сасну, елку ды інш. Сасновыя насаджэнні,
пашкоджаныя падкорным клапом, высякаліся, на іх месцах стваралі-ся густыя
пасадкі сасны. У ліставых пасадках прасякаліся калідоры і гэтыя просекі
засаджваліся сасной.
Аптымальнай гушчыні
пасадак мы тады не ведалі, даводзілася высвятляць гэта эксперыментальна.
Ва ўрочышчы Салаўкі (па дарозе на Сельцы) былі закладзены чатыры доследныя
культуры сасны з рознай гушчынёй: 4,5, 6, 8 і 12 тысяч саджанцаў на
гектар. І праз дзесяць год пераканаліся, што найлепшая для леса гушчыня
пасадкі 6-8 тысяч саджанцаў на гектар. У больш густа высаджаных культурах
шмат снегалому з-за слабай трываласці галля, у рэдкіх пасадках дрэвы маюць
тоўстае галлё, што значна абцяжарвае прачыстку лесу.
Першая лесапасадачная
машына прыжылася ў лясніцтве ў 1964 годзе. Спачатку яна працавала ў
агрэгаце с трактарам ДТ-54, пазней злаўчыліся навесіць яе на МТЗ, што
паскорыла працу. Па нашым прыкладзе і ў іншых лясніцтвах лесапасадкі
пачалі выконваць з трактарам МТЗ. Але лесападачная машына добра працавала
на чыстых плошчах, без пнёў. Пры рабоце на лесасеках з-за карэння было шмат
пропускаў і даводзілася дасаджваць уручную да 40%. На чыстых плошчах тое,
што прапускала машына, спраўлялася дасаджваць адна пара людзей, на
лесасеках патрабавалася ставіць ужо мінімум дзве пары.
З ростам аб’ёма работ
штат лясніцтва павялічваўся. Увялі дадатковую пасаду тэхніка-лесавода,
некалькі штатных адзінак леснікоў, арганізоўваліся брыгады лесарубаў.
Вось штат лясніцтва
на 1969 год:
1.
Ляснічы Булавацкі Мікалай;
2.
Памочнік ляснічага Голуб Канстанцін;
3.
Памочнік ляснічага Шкуматаў Фёдар;
4.
Бухгалтар Корбут Станіслаў;
5.
Тэхнік-лесавод Сяргейчык Аляксандр;
6.
Тэхнік-лесавод Медзвядок Леанід;
7.
В.а. тэхніка-лесавода Клыга Іван;
8.
Конюх Окрут Мікалай;
9.
Ляснік Арцёмчык Ілля;
10.
Ляснік Багдановіч Канстанцін;
11.
Ляснік Белавушка Мікалай;
12.
Ляснік Герман Канстанцін;
13.
Ляснік Горбель Леанід;
14.
Ляснік Гурын Аляксандр;
15.
Ляснік Гурын Мікалай;
16.
Ляснік Гурын Сяргей;
17.
Ляснік Дзяшчэня Аляксандр;
18.
Ляснік Кабановіч Уладзімір;
19.
Ляснік Кароль Міхаіл;
20.
Ляснік Луцкі Васіль;
21.
Ляснік Окрут Васіль;
22.
Ляснік Шымчык Канстанцін;
23.
Ляснік Юрчанка Пракоп;
24.
Лесаруб Баярка Мікалай;
25.
Лесаруб Дзяленда Пятро;
26.
Лесаруб Жытнік Уладзімір;
27.
Лесаруб Лук’янчык Мікалай;
28.
Лесаруб Лыч Рыгор;
29.
Лесаруб Мігас Марка;
30.
Вальшчык лесу Ахаевіч Васіль;
31.
Трактарыст Жлобіч Мікалай;
32.
Трактарыст Клыга Уладзімір.
Мне
хацелася
(і
як
мог,
таго
дамагаўся),
каб
любы
работнік
лясніцтва
працаваў
з
задавальненнем,
каб
мог
зарабляць
і
карміць
сям’ю,
каб
шанаваў
сваю
працу
і
не
хацеў
яе
страціць.
Гэта
было
няпроста,
бо
аб
лесніках
была
чамусьці
нядобрая
слава,
маўляў,
няздатныя
да
працы,
цягаюцца
са
стрэльбай
па
лесе
і
шукаюць,
з
каго
б
спагнаць
магарыч.
Нейкая
нагода
да
такой
славы
ўсё
ж
была,
бо
на
працу
ў
лясніцтва
даводзілася
браць
тых,
каго
звальнялі
з
калгаса,
саўгаса
ці
з
шыннага
камбіната
ў
Бабруйску.
Людзі
былі
і
са
схільнасцямі
да
алкаголю,
і
не
заўсёды
адрознівалі
сваё
ад
чужога.
Даводзілася
выконваць
і
функцыі
выхавальніка.
Відаць,
нам
гэта
неяк
удавалася,
бо
работнікі
ўрэшце
пачыналі
разумець
патрабаванні
і
выконваць
свае
абавязкі
сумленна.
Дзякуючы іх працы лясніцтва
заўсёды было на перадавых пазіцыях у лясгасе.
Для добрага выканання
рознабаковай працы па ахове лесу і вя-дзення лясной гаспадаркі
патрабаваліся, што ні кажы, самаахвярныя людзі з любоўю да лесу, гатовыя да
працы працягласцю 24 гадзіны за суткі. Леснікі ахоўваюць дзяржсклад без
агарожы, без замкоў і без дзвярэй. А аматараў пачаставацца “нічыім” заўсёды
хапала. Ішлі да леснікоў з магарычом, прапаноўвалі сякія-такія грошы.
Спакусаў пры небагатым жыцці хапала. І некаторыя спакушаліся. Але такое
было рэдкасцю. Большасць леснікоў былі сумленнымі, маральна надзейнымі
людзьмі і, адпрацаваўшы дзесяцігоддзі, сыходзілі на пенсію з незаплямленым
сумленнем. Шмат хто з іх атрымалі нагрудныя знакі Міністэрства лясной
гаспадаркі СССР “Х [ці ХХ, ці ХХХ] лет безупречной службы в лесной охране
СССР”.
За першыя 10 год
працы лясніцтва рознымі відамі ачышчальных работ было ахоплена 46% лясной
плошчы лясніцтва, за другое дзесяцігоддзе – яшчэ больш за 50%. Такім чынам,
за 20 гадоў амаль усе лясы лясніцтва былі дагледжаны і іх стан нашмат
палепшыўся. Высечкі догляду лесу паступова нарасталі, а ў выніку патрэба
насель-ніцтва ў дровах пачала забяспечвацца, што адразу знізіла колькасць
самавольных высечак.
Я ставіў пытанне аб
спрашчэнні працэдуры адпускання дроў, каб людзям не трэба было хадзіць
спачатку ў сельсавет па дазвол, потым у лясніцтва за непасрэднай выпіскай
дроў. Старшыня сельсавета У.Барысік пратэставаў, наракаючы, што ляснічы
хоча адабраць у яго ўладу. Справа ў тым, што калі чалавек прыходзіць у
сельсавет за нарадам на дровы, з яго можна запатрабаваць плацяжы, якія ён
не сплаціў, ці прапанаваць таму папрацаваць дзень-два на добраўпарадкаванні
тэрыторыі, на што людзі, занятыя працай на сваіх усадзьбах, не вельмі
пагаджаліся, калі б не патрэба ў дровах. Але дроў ужо хапала і ўдзел
сельсавета ў дровазабеспячэнні насельніцтва станавіўся непатрэбным.
Адной з самых
працаёмістых і нелюбімых леснікамі работ было нарыхтоўка хваёвых лапак, якая
пачалася недзе з 1965 года. Ніхто ў кіраўніцтве міністэрства дакладна не
ведаў, колькі гэтых лапак можна нарыхтоўваць на нашых лесасеках, таму
планы даводзіліся самыя недарэчныя. Пісалі, мабыць, што каму ў галаву
ўзбрыдзе. Потым гэта ўводзілася ў Дзяржплан СССР з не менш чым
пяціпрацэнтным ростам з году ў год адпаведна заданням ЦК КПСС і Савета
міністраў. Каб выконваць такія планы, давялося заняцца лінейнымі высечкамі ў
маладняках. Нарыхтаваныя лапкі людзі выносілі лясёнкамі да дарогі, дзе іх
потым грузілі на трактарны прычэп. Ад кожнага лесніка патрабавалася, акрамя
выканання яго асноўных функцый, нарыхтоўваць адзін прычэп лапкі штомесячна.
Каб выконваць гэтае дзікае патрабаванне, леснікі кляймілі для высечкі
здаровыя елкі з густой кронай, а калі шкадавалі высякаць такія елкі, то
залазілі на іх і абсякалі яловыя галінкі, пасля чаго дрэва ўсё адно гінула
праз год-два. Пераканаўшыся, што плaн па нарыхтоўцы хваёвых лапак для іх
невыканальны, некаторыя леснікі нават сыходзілі з працы.
Аплата за нарыхтоўку
хваёвых лапак была зусім маленькай, але некаторыя, радуючыся і такой аплаце,
ішлі дапамагаць леснікам выконваць план. Вялікім спецыялістам па нарыхтоўцы
лапак была Галіна Ўладзіміраўна Окрут. З сваім мужам, лесніком Окрутам
Васілём Аляксандравічам, яна нарыхтоўвала па 6-8 тон за месяц.
Самаахвярнай працай леснікоў
нам удалося ўсё ж выканаць план у першы год, нават перавыканаць. Пры заданні
нарыхтаваць 180 тон хваёвых лапак лясніцтва нарыхтавала 200 тон. У другіх
лясніцтвах гэтыя паказчыкі былі больш сціплымі. На наступны год лясгас
падвысіў нашаму лясніцтву план па нарыхтоўцы лапак да 420 тон. “Каб не
фарсеў, што ўмееш планы выконваць,” – сказаў М.Саўчанка, дырэктар лясгаса.
Можа, ён быў правы, можа, сапраўды не трэба вылузвацца з скуры, каб
выконваць дурныя заданні. Але тады чаму ён не пераконваў міністэрства ў
неразумнасці і непатрэбнасці такой працы, а ціснуў на нас, патрабуючы
выконваць план?
Толькі напачатку 80-х
гадоў нарыхтоўку хваёвых лапак адмянілі. Гэта адбылося ўжо, калі
М.Саўчанка сыйшоў на пенсію, а дырэктарам лясгаса быў прызначаны
М.Балафінаў. Прычына, натуральна, не ў змене дырэктара. Проста ў
міністэрстве нарэшце пераканаліся, што нарыхтаваную з хваёвых лапак муку,
якая змяшчае шмат драўніны, ні свойскія, ні дзікія жывёлы не спажываюць.
Магчыма, нехта абараніў дысертацыю аб вялікай карыснасці такой мукі. Але
жывёлы дысертацый не чытаюць і таму не ведаюць нічога аб гэтай карыснасці.
І вось – зялёную хвою паядаюць і сасновую кару абгрызаюць, а ад высушанай і
перамеленай адмаўляюцца – не наш, маўляў, харч. І муку, на якую пакладзена
столькі шалёнай працы, высявалі зноў у лес.
Высечкі догляду за
лесам рабіліся цяпер па новай кімсьці распрацаванай тэхналогіі –
паквартальна. Высечку прызначалі адразу па ўсім квартале, адмяжоўваючы
розныя віды высечкі. Так прасцей было адводзіць участкі пад высечкі. Плюсам
была і канцэнтрацыя ўсёй працы – нашмат прасцей весці кантроль. Але
атрымлівалася, што пры такой тэхналогіі загружаны адпаведнай працай былі
толькі два-тры леснікі. А прыцягваць да працы ў выдзеленым квартале
леснікоў з іншых абходаў было і накладна, і небяспечна, бо тады тыя абходы
заставаліся без прыгляду.
Напрыклад, калі ў абходзе
лесніка Л.Горбеля быў выдзелены квартал у 107 га, на якім неабходна было
высечы 1400 куб.м драўніны, то Л.Горбель з сваёй звышпрацаздольнасцю змог
справіцца з такім аб’ёмам працы, не атрымаўшы заўваг. Іншым леснікам такія
аб’ёмы працы былі не пад сілу.
Вырашыўшы адзначыць
стараннасць лесніка, я падрыхтаваў і перадаў у лясгас дакументы аб
дзяржаўнай узнагародзе Л.Горбеля за дасягненне выдатных вынікаў працы.
Амаль адначасова ў лясгас прышла ад Л.Горбеля скарга, што нібыта ляснічы не
выдае яму форменнага абмундзіравання. Дырэктар лясгаса зрабіў праверку і
высветліў, што форменны шарсцяны касцюм Л.Горбель атрымаў год назад, а
касцюм выдаецца на два гады (а не на год, як тое, мабыць, меркаваў ляснік).
За такое паклёпніцтва дырэктар з спісаў на дзяржаўную ўзнагароду Л.Горбеля
выкрэсліў.
Вялікая ўвага з боку
лесааховы надавалася ахове прыродных рэсурсаў і жывёльнага насельніцтва
лясоў. У 70-80-х гадах паляванне стала папулярным відам адпачынку (і не
толькі адпачынку). Колькасць паляўнічых нарастала. Асабліва ў нашым
лясніцтве, якое пры добрай дарозе. Да нашага лясніцтва далучылі калектывы
паляўнічых Бабруйскіх заводаў “Аграмаш” і “Фандак”. Калі прыязджалі адтуль
на паляванне з адпаведнымі ліцэнзіямі, да гэтай групы паляўнічых далучаўся
работнік лесааховы, які дапамагаў шукаць звера. Часта паляўнічыя, асабліва
з “Фандакa”, выказвалі падзяку лесніку і ляс-ніцтву за дапамогу. Але
здаралася, што леснікі дапамагалі паляўнічым без ліцэнзій ці палявалі самі.
Напрыклад, мне аднойчы стала вядома, што леснікі В.Жытнік і К.Дзюкаў
арганізавалі незаконнае паляванне на капытных. Праверыўшы факт, я забраў і
здаў у міліцыю іх стрэльбы, тады я меў такое права.
Складаліся акты аб
браканьерстве. Аднойчы за незаконна забітага лася браканьер быў асуджаны на
два гады папраўчых работ. Браканьерскія вылазкі ў нашы лясы рабілі часта з
суседніх раёнаў – Старадарожскага, Асіповіцкага і Бабруйскага. Леснікі
сустракалі такіх ахвотнікаў паласавацца дармавой дзічынай і выправоджвалі з
тэрыторыі. Помсцячы, тыя рабілі якую-небудзь шкоду ў лесе – выкопвалі
указальныя слупы ці шчэ што. Здаралася, што кралі нашых паляўнічых сабак.
Барацьба з
браканьерамі – справа няпростая і небяспечная. Бо браканьер ідзе са зброяй і
на заўвагі лесніка рэагуе азлоблена: што, маўляў, гэта тваё асабістае? Можа
пачаць супраціўляцца ці нават зброю пусціць у ход. Пры сустрэчы з
браканьерамі быў моцна збіты ляснік А.Дзяшчэня. Усю ноч Аляксандр
Аляксеевіч праляжаў у лесе, не могучы падняцца, толькі раніцай вярнуўся
дадому. Парушальнікаў апазнаць не змог. Быў збіты таксама ляснік
І.Барысік. Акрамя таго, у яго браканьеры забралі пасведчанне работніка
лесааховы і іншыя дакументы, якія пазней падкінулі ноччу каля лясніцтва. А
ляснік К.Герман пры затрыманні браканьера быў ранены ў ногі дзевяццю
карцечынамі. Злачынца па прозвішчы Сугака быў знойдзены і атрымаў
пакаранне. Усё ж неяк нам удалося адвучыць суседзяў паляваць без дазволу ў
нашых лясах. Дапамагло гэтаму між іншым і тое, што мы паездзілі па суседніх
лясніцтвах з іншых раёнаў, пазнаёміліся з паляўнічымі з Дараганаўскага,
Карытнянскага, Фалічскага, Глушанскага калектываў і заключылі з імі вусныя
дамовы аб узаемадапамозе і супрацоўніцтве. Сустракаючыся пад час палявання
на межах нашых лясоў, мы перадавалі адзін аднаму патрэбную інфармацыю,
напрыклад пра страчаных сабак ці куды скіравалася падраненая жывёліна, а
таксама пра тых, хто больш схільны да браканьерства.

Калектыў
Завалочыцкага лясніцтва
(лістапад 1967 года)
Злева направа
сядзяць: ляснік Дзяшчэня Аляксандр, майстар лесу Медзвядок Леанід, бухгалтар
Зубец Яўген, ляснічы Булавацкі Мікалай, памочніmляснічага Голуб Канстанцін,
майстар лесу Сяргейчык Аляксандр, ляснік Зубец Іван;
стаяць: ляснік Окрут Васіль, ляснік Гурын Аляксандр, ляснік Гарнастай Міхаіл,
ляснік Жытнік Леанід, ляснік Кабановіч Уладзімір,
ляснік Арцёмчык Ілля, ляснік Гурын Мікалай, ляснік Горбель Леанід, ляснік
Герман Канстанцін, ляснік Гурын Сяргей,
трактарыст Клыга Ўладзімір, ляснік Шымчык Канстанцін

Інжынерна-тэхнічны і службовы персанал Завалочыцкага лясніцтва
з
студзеня 1971 г. па чэрвень 1978 г.
сядзяць:
памочнік ляснічага Канстанцін Голуб, ляснічы Мікалай Булавацкі, майстар лесу
Фёдар Шкуматаў;
стаяць:
в.а. майстра лесу Іван Клыга, бухгалтар Сцяпан Белавушка

Мінск 11 ліпеня 1991 г.
Міністр лясной
гаспадаркі Г.Маркоўскі ўручае М.Булавацкаму медаль “За трудовое отличие”.
Многія супрацоўнікі
лясніцтва добрасумленна працавалі доўгія гады і зрабілі немалы ўнёсак у
паляпшэнне якасці нашых лясоў. Раскажу пра некаторых з іх.

Голуб
Канстанцін Трафімавіч. Нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у вёсцы Рудня. Па
заканчэнні Буда-Кашалёўскага ляснога тэхнікума ў 1958 годзе быў
размеркаваны ў Глускі лясгас і прызначаны ўчастковым тэхнікам-лесаводам
Гарадокскага лясніцтва. У лютым 1961 года пераведзены на такую ж пасаду ў
Завалочыцкае лясніцтва. Напачатку праца не ладзілася, не ўмеў
арганізаваць людзей, не ўмеў пракантраляваць, што імі зроблена. Але
паступова набываў досвед, вучыўся на сваіх і на чужых памылках і ўрэшце
стаў выдатным спецыялістам сваёй справы. Паступіў на завочнае аддзяленне
Беларускага тэхналагічнага інстытута, правучыўся тры гады, але з-за
складанасцяў у сям’і скончыць не змог. У студзені 1965 года прызначаны на
пасаду памочніка ляснічага, праз некаторы час стаў памочнікам І класа.
Выконваў свае абавязкі добрасумленна, старанна і дакладна. Дакументацыю,
якую ён вёў, не трэба было пераправяраць. Шмат гадоў мы з ім працавалі
поплеч, разам нам даводзілася выбірацца з самых складаных сітуацый, і я
ведаў, што гэты чалавек не падвядзе.
Яму вельмі не
шанцавала ў жыцці. Жанчыну, з якой ён ажаніўся і прывёў у сваю хату, маці
чамусьці не залюбіла і іх непрыязныя адносіны вельмі нервавалі Канстанціна.
Потым маці паралізавала і яна восем год праляжала нерухома. Даглядаць
хворую давялося сыну і нелюбімай нявестцы. Гэта быў вельмі цяжкі перыяд.
Потым маці памерла, але праз два гады захварэла цешча, страціла розум ці, як
казалі на вёсцы, здзяцінела. Пакідаць такую без прыгляду было рызыкоўна і
гэта быў працяглы час новых выпрабаваннў для сям’і. Пасля смерці цешчы
спакой настаў ненадоўга, змучаная, знерваваная такім жыццём жонка Антаніна
цяжка захварэла. Больш за год тулялася па бальніцах, пакуль нарэшце
паставілі правільны дыягназ, потым яшчэ год лячылася. Ад адчаю, ад
безвыходнасці Канстанцін стаў піць, стаў з’яўляцца на працу нецвярозым, з-за
чаго ў нас з ім былі рэзкія размовы. Лячэнне жонцы ўсё ж крыху дапамагло,
яна вярнулася дадому. І, каб пачаць нармальнае жыццё, Канстанцін, ужо
схільны да алкагалізму, вымушаны быў закадзіравацца. Пасля маёй адстаўкі ён
быў прызначаны на пасаду ляснічага. Гэта стала не вельмі ўдалым перыядам яго
працоўнай дзейнасці. А тут і новая навала: цяжка захварэў сам Канстанцін.
Пасля складанай аперацыі яму прызначылі ІІ групу інваліднасці. Дапрацаваў
да 60-годдзя на пасадзе майстра лесу, але спакойнаму пенсійнаму жыццю
нарадавацца не паспеў, хутка памёр.

Булавацкі
Цярэнта Навумавіч, мой дзядзька па мацеры. Да вайны працаваў у калгасе, жыў
у вёсцы Калявосы. Пад час вайны, калі ўжо сфарміраваліся партызанскія
атрады і захопнікі стваралі па вёсках атрады паліцаяў (“атрады самаабароны”
– так яны называлі) і прызначалі старастаў, у вёсках Восы і Калявосы
ніхто не пага-джаўся стаць старастам. Тады камандзір партызанскага атрада
Паланейчык угаварыў Цярэнту стаць старастам у вёсцы, а не йсці ў
партызаны, бо “прышлюць свайго, тады паскачаце пад яго дудку”. Прабыў ён
старастам крыху больш за паўгода, потым вёскі спалілі, хаваўся з сям’ёй па
лесе, а пасля вызвалення пайшоў ваяваць на фронт. Па заканчэнні вайны быў
дэмабілізаваны і вярнуўся дадому інвалідам (ранены ў галаву і жывот), дзе
быў арыштаваны як здраднік – за тое, што быў старастам у немцаў. Але
Паланейчык (дзякаваць Богу, што не загінуў!) пацвердзіў, што старастам ён
быў па партызанскім заданні, і Цярэнту адпусцілі. Працягваў працаваць у
калгасе. Але праца ў калгасе была толькі летам, дый за тую нічога не
плацілі. Таму, калі я прапанаваў яму стаць лесніком, адразу пагадзіўся..
Лес ён любіў і працаваў у ім старанна і разумна. Ягоны абход быў заўсёды
як прыклад для іншых і, калі на сходах адзначалася яго руплівасць і
акуратнасць працы, ён казаў: “Каб утрымліваць абход у прыстойным стане,
трэба не проста хадзіць па лесе, а хаця б тры-чатыры гадзіны ў дзень
працаваць там”. Усё ж ваенныя раненні нагадвалі пра сябе. На 56-м годзе
жыцця ён атрымаў другую групу інваліднасці і сыйшоў на пенсію.

Горбель
Леанід Лявонцевіч. Працаваў у калгасе, потым пайшоў у армію. Па вяртанні ў
родныя Яўсеевічы пачаў працаваць на шклозаводзе ў Глушы. У тыя часы (канец
40-х – пачатак 50-х гадоў) шклозавод працаваў на дрывах, і іх нарыхтоўвалі
ў нашых лясах, заадно ачышчаючы іх ад захламленасці. Потым завод перайшоў
на іншыя віды паліва і Леанід стаў працаваць лесарубам Гарадокскага
лясніцтва. Быў ён чалавекам дужым і працаваў старанна – “адзін за трох”.
Калі напрыканцы 50-х гадоў у лясніцтвах пачалі з’яўляцца бензапілы, яго
першага з лясніцтва накіравалі на трохмесячныя курсы пры Барысаўскім ПТВ,
дзе ён атрымаў спецыяльнасць “матарыст бензаматорнай пілы”. І калі ён
першы раз выйшаў на лесасеку з бензапілой, то паглядзець, як працуе гэтая
дзіва-тэхніка, прыйшлі з навакольных вёсак з паўтары сотні гледачоў.
Магутны, вынослівы і
напорысты, у працы яму не было роўных. І ніхто не пагаджаўся ісці да яго ў
напарнікі, бо не вытрымлівалі яго тэмпу працы, таму працаваў адзін. А ў
1965 годзе пераведзены лес-ніком у досыць складаны абход пры дарозе
Бабруйск – Старыя Дарогі, куды летам скіроўвалася процьма грыбнікоў і
зборшчыкаў ягад. І гэтую працу ён выконваў старанна, спраўляўся і ахоўваць
лес, і працаваць у ім. Свой абход ён прайшоў высечкамі догляду некалькі
разоў і далей утрымліваў яго ў выдатным стане. Ударнік многіх пяцігодак,
неаднаразовы пераможца сацспаборніцтва ў лясгасе і ў вобласці. Штогод
атрымліваў прэміі і ганаровыя граматы. Лес любіў і па дасягненні пенсійнага
ўзросту не хацеў яго пакідаць, працаваў яшчэ сем пенсійных гадоў. Зараз
абход даглядаюць іншыя леснікі, але людзі па звычцы называюць абход
Горбелевым.

Герман
Канстанцін Майсеевіч, таксама выдатны працаўнік і знаўца лесу. Фізічна
развіты і разумны, ён добра працаваў і з сякерай, і з бензапілой, да таго
ж, быў выдатным паляўнічым і следапытам. А яшчэ валодаў нейкай здольнасцю
прадбачання. Яго абход быў на мяжы з Асіповіцкім і Бабруйскім лясгасамі,
адкуль часта наведваліся браканьеры і Канстанцін, ведаючы іх сцежкі і
звычкі, своечасова сустракаў іх і выправоджваў за межы лясніцтва.
Аднойчы ў размове ён, паглядзеўшы на чыстае неба, задумліва сказаў: “Не
можа быць, каб сёння да мяне браканьеры не наведаліся”. Мы вырашылі зрабіць
рэйд у яго абходзе і сапраўды сустрэлі там браканьераў. Працаваў лесніком
больш за трыццаць год, працаваў ужо ў пенсійным узросце. Але захварэў на
апендыцыт, аперацыю зрабілі не вельмі ўдала, памёр ад тромба ў крывяносных
сасудах.

Луфераў
Леанід Іванавіч, жыхар вёскі Лука Асіповіцкага раёна. Пасля таго, як людзі
з неперспектыўнай вёскі Тоўсты Лес раз’ехаліся і вёска такім чынам
самаліквідавалася, узнікла праблема знайсці лесніка ў гэты далёкі абход.
Ранейшы ляснік К.Багдановіч пераехаў з Тоўстага Леса ў Асіповічы, а з
іншых вёсак даглядаць той абход ніхто не пагаджаўся, бо далёка – абход
размешчаны на мяжы з Асіповіцкім і Страдарожскім лясгасамі. Давялося
шукаць лесніка ў іншым раёне. Пошук закончыўся ўдала: Леанід аказаўся
досыць разумным і працавітым чалавекам. Лес ведаў добра, любіў і старанна
даглядаў яго. За пяць год працы выдатна засвоіў усе “тонкасці” лясной
гаспадаркі, добра арыентаваўся ў картаграфічных матэрыялах і, каб пражываў
бліжэй да канторы лясніцтва, мог бы стаць майстрам лесу. Яго розум вельмі
аблягчаў нам працу, бо яму не трэба было ісці паказваць, дзе, што і як
трэба зрабіць, а дастаткова было перадаць заданне па тэлефоне – і ён сам
мог адмераць патрэбныя плошчы і выканаць на іх патрэбныя работы дакладна і
якасна. Майстру лесу ці памочніку ляснічага заставалася толькі прыехаць,
каб прыняць зробленае. Працаваў лес-ніком больш за дваццаць год, тры гады
працаваў, ужо атрымліваючы пенсію. Зараз не працуе, але падтрымлівае
кантакты з лясніцтвам, перадае свае досыць карысныя назіранні за
паўночнай часткай нашага лесу.

Ахаевіч
Васіль Пятровіч, вальшчык лесу з вёскі Заполле. Працаваў у Гарадокскім
лясніцтве, але з-за нейкай крыўды звольніўся адтуль і перайшоў да нас. На
выгляд хударлявы, здаецца, што нават слабы для працы ў лесе, але досыць
энергічны, працаздольны і вынослівы. Сябры казалі, што можа працаваць за
двох і ён даказваў гэта, пастаянна перавыконваючы нормы з высокай якасцю
працы.

Ён папрасіў узяць у брыгаду і сваю
жонку Ахаевіч Лідзію Іванаўну. Спрытнасцю і працаздольнасцю тая не
саступала мужу і выконвала нежаночую працу не горш за мужыкоў. А яе
прысутнасць у мужчынскай брыгадзе стрымлівала лесарубаў ад злоўжывання
спіртным, ад ненарматыўнай лексікі і ад зацяжных перакураў, што толькі
станоўча адбівалася на выніках працы. Акрамя таго, Васіль і Ліда – людзі
вясёлыя, таварыскія і сваю цяжкую працу выконвалі заўсёды з гуморам і
жартамі, ад чаго яна ўжо й не здавалася такой цяжкай.
Зараз абодва на
пенсіі.

Окрут
Мікалай Аляксандравіч, конюх лясніцтва, па сумяшчальніцтве выконваў
абавязкі апальшчыка і ўвогуле падтрымліваў парадак у канторы лясніцтва.
Вопытны партызан з атрада Шашуры, некалькі разоў трапляў пад нямецкія
аблавы, але заўсёды нейкім цудам уратоўваўся. У лясніцтве з першых дзён.
Працаўнік бездакорны, руплівы і надзейны. Зараз – пен-сіянер.
Доўгі час
добрасумленна працавалі ў лясніцтве і пайшлі на заслужаны адпачынак:

ляснік
Арцёмчык Ілля Іванавіч з вёскі Бабірова,

ляснік Дзяшчэня Аляксандр Аляксеевіч з вёскі Калюга,
ляснік Барысік Іван Навумавіч з вёскі Бабірова, ляснік Белавушка
Іван Данілавіч з вёскі Сімонавічы, лесаруб Лыч Рыгор Ігнатавіч з вёскі
Рудня, лесаруб Падгорны Васіль Восіпавіч з мястэчка Завалочыцы, вальшчык
лесу Раманоўскі Яўген Уладзіміравіч з вёскі Рудня, вальшчык лесу Кудраўцаў
Мікалай Пратасавіч з мястэчка Завалочыцы, бухгалтар Белавушка Сцяпан
Мартынавіч з вёскі Сімонавічы.
Можна было б назваць
шмат іншых, якія працавалі, а некаторыя і працягваюць працаваць на карысць
лесу.
Можна было б назваць
і тых, хто не меў ні любові да лесу, ні жадання працаваць у ім, хто шукаў у
лесе толькі магчымасць чым-небудзь пажывіцца, знайсці якую карысць для
сябе, – былі, на жаль, і такія, выпадковыя для лесу людзі ці нават шкоднікі
лесу, але яны звычайна нядоўга затрымліваліся ў лясніцтве.
Ужо ў канцы 70-х
гадоў лесапасадачная праца пачала змяншацца, бо асноўныя пасадкі былі
зробленыя. Акрамя таго, мы пачалі атрымліваць больш дасканалую тэхніку,
лесапасадачныя аўтаматы. Навучылі людзей працаваць з імі, што паскорыла
лесапасадку ўдвая. Але аўтамат добра працуе на адкрытых плошчах, якіх амаль
не засталося. А на нераскарчаваных лесасеках, дзе шмат карэння, застаецца
шмат пропускаў. Там даводзілася дасаджваць уручную. А пазней і ўвогуле
адмовіліся выкарыстоўваць аўтаматы на лесасеках.
Цяжкімі для лясніцтва
выдаліся 80-я гады. Была зроблена недарэчная памылка ў планаванні па
матэрыялах лесаўпарадкавання 1980 года, якое выконвала Гомельская
лесаўпарадкавальная экспедыцыя. Павінен адзначыць, што ўпарадкаванне лесу
было зроблена правільна, мною асабіста вывераны ўсе карткі, палова з якіх
пры маім удзеле і складзены. Але – па зададзенай кампутару праграме
ўчасткі, у якіх патрабавалася дзве ці тры высечкі догляду на працягу
дзесяці гадоў, кампутар палічыў адпаведна двойчы ці тройчы і выдаў
павялічаную плошчу высечак. Гэтую плошчу трэба было падзяліць на дзесяць
гадоў і мы атрымалі б норму высечак на год. Норму цалкам выканальную. Але
калі апрацаваныя кампутарам матэрыялы прыйшлі ў Гомельскую
лесаўпарадкавальную экспедыцыю, там не ведалі, што плошчы высечак ужо
падлічаны кампутарам адпаведна двойчы ці тройчы. У экспедыцыі палічылі, што
плошча высечак паказана наяўная, а паколькі яе трэба даглядаць некалькі
разоў за дзесяцігоддзе, увялі ў планы гэтую плошчу з улікам паўтаральнасці
высечак, гэта значыць – яшчэ павялічылі. Такім чынам, лясніцтву былі
даведзены планы, якія немагчыма было выканаць. Толькі ад высечак догляду за
лесам і санвысечак цяпер планавалася нарыхтоўваць да 12 тысяч куб.м
драўніны за год. Гэткі аб’ём працы станавіўся не пад сілу калектыву
лясніцтва, тым болей, што хапала іншых відаў работы, сярод якіх была і
славутая хваёвая лапка. Але зразумелі мы гэта не адразу, а калі прыступілі
да выканання даведзенага плана. За тры гады пасля лесаўпарадкавання мы
выканалі ўсе працы па асвятленні і прачыстцы лесу і дзеля выканання плана па
дрэванарыхтоўках пачалі рабіць высечкі па-за выдзеленымі ўчасткамі.
Некалькі разоў я заяўляў у лясгас аб невыканальнасці даведзеных планаў,
але кіраўніцтва лясгаса спасылалася на матэрыялы лесаўпарадкавання, маўляў,
планы даводзяцца адпаведна гэтым матэрыялам.
Запрасілі
прадстаўніка Гомельскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыі для праверкі. Той,
не доўга разбіраючыся, адзначыў у даведцы, што ў лясніцтве выканана праца
на 60% на прызначаных плошчах і на 40% на непрызначаных плошчах. Па выніках
праверкі я атрымаў вымову, але ж плошчаў, прызначаных пад высечку, ужо не
засталося. Мае настойлівыя скаргі ніхто не хацеў браць да ўвагі.
Я доўга не разумеў,
чаму так адбылося. Давялося засесці за праверку матэрыялаў праведзенага
лесаўпарадкавання. Паўторна выявіў, што карткі лесаўпарадкавання былі
запоўнены правільна і адпраўлены на кампутарную апрацоўку ў Мінск. А
аналізуючы матэрыялы кампутарнай апрацоўкі, зразумеў, што планы нам давялі
падвойныя. Але гэтыя памылковыя планы былі ўжо зацверджаны Саветам Міністраў
БССР і змяніць іх мог цяпер толькі Савет Міністраў, куды, натуральна, ніхто
з лясгаса звяртацца не збіраўся..
Абмяркоўваць
зробленую памылку са мной ніхто не хацеў. Аднойчы з праверкай у лясніцтва
прыехалі начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення лясной гаспадаркі
Аляксей Казлоў і дырэктар лясгаса. Я выказаў ім сваю нязгоду з планамі і
пацвердзіў усё дакументальна. А.Казлоў прызнаў, што памылка ёсць, але
сказаў, што матэрыялы ўжо зацверджаны Саўмінам і прыняты міністэрствам
лясной гаспадаркі БССР, таму ніхто іх ужо не будзе змяняць, і ён не
збіраецца хадайнічаць аб гэтым. А калі я буду настойваць, то ім лягчэй
звольніць мяне. Пакуль новы ляснічы разбярэцца, пройдзе час да новага
лесаўпарадкавання. Але ўсё ж паабяцаў прыслаць вядучага інжынера ўпраўлення
для праверкі.
Праз некаторы час
прыехаў начальнік аддзела лесакарыстання Ждановіч Уладзімір Андрэевіч. Мы з
ім праверылі ўсе высечкі догляду за лесам і ўсю дакументацыю. Ён
пераканаўся, што зроблена памылка і для яе выпраўлення трэба зменшыць плошчы
высечак хаця б на 80 га. У парадку выключэння, сказаў ён, можна будзе
павысіць план васьмі лясгасам на 10 га. Але гэта трэба ўзгадніць ва
ўпраўленні і ўлічыць пры планаванні на наступны год. На ўсякі выпадак ён
прасіў мяне нагадаць пра гэта пры зацвярджэнні новых планаў. І калі
напрыканцы 1984 года галоўны ляснічы Кандрусевіч Мікалай Іванавіч з
эканамістам лясгаса Цераховіч Галінай Іванаўнай выпраўляліся ў Магілёў для
зацвярджэння планаў на наступны год, я прасіў іх перадаць ад мяне прывітанне
У.Ждановічу. Падумаў, што гэтае прывітанне ён зразумее правільна і
ўспомніць тое, што мне абяцаў. Па вяртанні М.Кандрусевіча ў нас адбылася
такая размова.
– Перадаў прывітанне?
– Перадаў.
– Ну і што?
– Нічога. Усміхнуўся
толькі.
– А план лясгасу
зменшылі?
– Зменшылі на 80
гектараў догляду ў маладняках. Мы размеркавалі – 50 га Слаўкавіцкаму
лясніцтву і 30 га Кіраўскаму.
– А яны што, таксама
прывітанні перадавалі?
– Не, не перадавалі.
А прычым тут прывітанні?
– А план калі
знізілі, да перадачы прывітання ці пасля?
– Пасля.
– Ну і чаму ж знізілі
план другім лясніцтвам, калі я ўжо амаль пяць гадоў пішу скаргі пра
завышаныя планы?
– Цяпер зразумела
тваё прывітанне. Але я табе ўсе 80 га не зніму. Трэба дапамагчы і іншым
лясніцтвам.
– Але ж яны гэтага не
прасілі!
– Усё адно табе
лягчэй працаваць. У іх болей праблем і ім трэба дапамагаць. А ты выкруцішся.
Я змоўчаў, падумаўшы:
у каго ўлада, той ёю і карыстаецца. План нашаму лясніцтву быў зніжаны
нязначна. І толькі ў 1990 годзе пры чарговым лесаўпарадкаванні ўсе памылкі
мінулага былі выпраўлены. Павінен адзначыць, што з шасці
лесаўпарадкаванняў, у якіх мне давялося браць удзел, апошняе (1990) было
выканана Гомельскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыяй на самым высокім
узроўні. Было дадзена вельмі дакладнае апісанне нашых лясоў з падрабязнай і
правільнай іх характарыстыкай. Можа, і ранейшая памылка таму дапамагла.
Вырошчвалі сваіх
коней. У 70-х гадах іх было ўжо да 16 галоў. Гэта патрабавала нарыхтоўваць
для іх 48 т сена, яшчэ 8-10 т сена патрабавалася нарыхтоўваць у фонд
Саўміна. Гэтае заданне лічылася дзяржпланам і яго выкананне кантралявалася
савецкімі і партыйнымі органамі. Але ж сваіх сенакосаў у лясніцтве не было,
касілі травы на балотах. Сена з балотаў было не лепшай якасці і, калі мы
здавалі высушанае сена ў фонд Саўміна і выканкамы яго размяркоўвалі па
спажыўцах, тыя адмаўляліся ад такога сена, наракаючы на нізкую яго якасць.
Даводзілася выкручвацца, каб збыць такое сена, бо іншага не было, а планы
выконваць патрабавалася.
Для выканання
заданняў па лесанарыхтоўках пры лясніцтве было створана некалькі брыгад
лесарубаў. Закуплены тры трактары і грузавая машына. Кожнай брыгадзе быў
прыдадзены трактар для тралёўкі і вывазкі драўніны. Маладыя пасадкі 50-60-х
гадоў набіралі сілу і патрабавалі догляду. З высечанай там драўніны
нарыхтоўвалася за год па некалькі тысяч кубаметраў жэрдак. Такія аб’ёмы ўжо
перавышалі мясцовыя патрэбы. І праз цэх шырпатрэбу лясгаса вагоны з нашымі
жэрдкамі ішлі на Ўкраіну (г.Чарнаўцы), у Нагорны Карабах і іншыя рэгіёны,
дзе свайго лесу не хапала.
Праца павялічвалася і
ў вытворчасць лесаматэрыялаў укараняліся новыя тэхналогіі. Неяк вырашылі
паспрабаваць на базе Завалочыцкага лясніцтва калектыўны падрад. Для дапамогі
ў арганізацыі такога падраду ў лясгас прыехалі дзве жанчыны, інжынеры
міністэрства лясной гаспадаркі, і дырэктар лясгаса параіў ім пачаць з
Завалочыцкага лясніцтва як самага перадавога. На агульным сходзе лясніцтва
мы заслухалі іх рэкамендацыі, абмеркавалі і пагадзіліся з імі. Адпаведна
заключанай дамове па ўвядзенні калектыўнага падраду мы павінны былі
своечасова і дакладна выконваць усе заданні і планы, не парушаючы
тэхналагічнага працэсу, у выніку чаго ўвесь калектыў лясніцтва павінен
быць прэміраваным у памеры 40% да зарплаты. Але грошай на такія прэміі ў
лясгасе не знаходзілася.
Доўгі час гэтыя
жанчыны пераглядалі нашу бухгалтэрыю, шукаючы, дзе, што і колькі можна
з’эканоміць, каб атрымаць сродкі для прэміравання, але бюджэтныя грошы
распісаны па кожнай аперацыі і нічога лішняга нам не выдзяляецца.
Пераканаліся ўрэшце, што свабодныя сродкі знайсці ў гаспадарцы лясніцтва
немагчыма (для такой высновы не трэба было столькі сядзець, для мяне гэта
было відавочна адразу, але яны страцілі некалькі дзён на такі пошук). І
зразумелі, што, каб выконваць дамову падраду па прэміях, трэба знайсці
дадатковыя сродкі. Пачалі кансультавацца з начальнікам планавага аддзела
абласнога ўпраўлення лясной гаспадаркі Сніперам, і той паабяцаў толькі
20%. Давялося турбаваць міністэрства. Начальнік планавага аддзела
міністэрства Пупко пасля размовы з міністрам пазваніў у лясніцтва і
паведаміў, што міністэрства патрэбныя прэміі пры выкананні падраду
гарантуе. Заахвочаныя прэміямі людзі выконвалі сваю працу на дзіва старанна
і якасна. І атрымоўвалі прэміі, якім зайздросцілі з іншых лясніцтваў.
Пры планаванні на
наступны год умовы падраду хацелі пашырыць і на іншыя лясніцтвы. Але зноў
жа – патрэбных на прэміі грошай у лясгасе не знаходзілася, а турбаваць
упраўленне ці нават міністэрства ніхто не асмеліўся. Выціскаць з сябе па
кроплі раба – гэты чэхаўскі занятак не кожнаму да спадобы. Шмат хто гатовы
жыць у стане раба, абы “гаспадар” крыху карміў.
Галоўны бухгалтар
лясгаса Марціновіч Ганна Мікітаўна знайшла “саламонава” рашэнне: маўляў,
усе лясніцтвы працуюць у роўных умовах, таму грошы, якія міністэрства
выдзяляе на прэміраванне за калектыўны падрад, трэба падзяліць паміж усімі
лясніцтвамі. Па-дзялілі. А пры правядзенні комплекснай рэвізіі лясгаса
(такая рэвізія праводзіцца штогод абласным упраўленнем лясной гаспадаркі ці
нават міністэрствам) рэвізоры выявілі, што прэміі ў Завалочыцкім лясніцтве
не выплочваюцца ў пазначаным памеры, а таму ўмовы падраду парушаны. Па гэтай
прычыне падрад быў ліквідаваны і грошы, выдзеленыя на прэміраванне, з
лясгаса спісалі. Атрымалася, як у сабакі на сене: і сам не гам, і другому
не дам. У выніку працоўны энтузіязм людзей, які ўзрастаў на хвалі падраду,
быў задушаны, людзі адчувалі сябе нібыта падманутымі і працавалі далей без
ранейшага настрою.
Канец 80-х гадоў, як
ужо казалася раней, быў вельмі цяжкім для лясніцтва. Мала таго, што мы
спрабавалі неяк выканаць невыканальныя планы і заданні, але ўзніклі
істотныя кадравыя праблемы. У 1987 годзе сышлі на пенсію майстры лесу
Аляксандр Герман і Аляксандр Шылоўскі. На ўсё лясніцтва застаўся адзін
майстар Фёдар Шкуматаў. Але 26 ліпеня 1988 года ён паехаў прымаць выкананую
працу ў леснікоў з в.Бабірова, па дарозе патрапіў у аўтааварыю і загінуў.
Яго жонка Валянціна, якая, будучы інвалідам па зроку, пры падтрымцы мужа
працавала бухгалтарам лясніцтва, пасля перанесенага стрэсу звольнілася з
працы. Такім чынам, з шасці кіраўнікоў лясніцтва засталіся толькі двое –
ляснічы з памочнікам К.Голубам. Паколькі мы выконвалі працу за шасцёх, нам
даплочвалі па 50% да акладу, але нагрузкі (і псіхічныя, і фізіялагічныя)
былі неймавернымі. Грашовая кампенсацыя, натуральна, не пакрывала затрат
такой працы, бо працавалі ад світанку амаль да ночы. Дадому заглядвалі хіба
што каб ненадоўга заснуць, не паспеўшы выслухаць жончыных папрокаў.
Доўжылася такая праца
немалы час, бо спецыялістаў на вакантныя пасады не знаходзілася. Некалькі
гадоў мы працавалі без адпачынку. Стаміўшыся шукаць спецыялістаў, пачалі
прымаць неспецыялістаў. Яны шмат чаго не ўмелі рабіць і рабіць даводзілася
нам за іх, але ўсё ж сякая-такая палёгка была. Так, майстрам лесу быў
прызначаны ляснік Храпко Рыгор, які раней працаваў механізатарам у калгасе
імя Кірава. Ні арганізаваць працу, ні пракантраляваць яе ён не мог, дый не
стараўся, бо застаўся з псіхало-гіяй шэраговага работніка і казаў, што
загадваць такімі, як сам, ён не можа. Хутка ён папрасіўся перавесці яго
зноў на пасаду лесніка. Але майстарў не было і яго некалькі год яшчэ
трымалі на гэтай пасадзе.
Затым майстрам лесу
прынялі Мірановіча Івана, чалавека з вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыяй
(інжынер-заатэхнік). Чалавек аказаўся не вельмі здольны да працы, больш
балбатун, дый, як высветлілася, баяўся лесу і хадзіць адзін у лес не хацеў.
Праз колькі год і ён звольніўся, праўда, пабыўшы крыху на пасадзе
в.а.ляснічага. Але пра гэта пазней.
Потым пераехаў да нас
і быў прызначаны на пасаду майстра Рубанаў Алег, які раней працаваў майстрам
і памочнікам ляснічага ў Гомельскай вобласці, у Чарнобыльскай зоне. Гэты
добра ведаў лясную гаспадарку, але меў істотную загану. Пры высяленні іх з
Чарнобыльскай зоны там разбіралі па руках усю маёмасць лясгаса. Гэта
спадабалася і, мабыць, увайшло ў звычку: цягнуў дадому ўсё, што трапляла
пад рукі, як з лясніцтва, так і ў людзей. А мы з памочнікам за доўгі час
такой працы за ўсіх звыкліся ўсё рабіць самім, таму кантралявалі кожны крок
кожнага майстра і ўсё бачылі. Было шмат непрыемных размоў, разборак.
Але ўсё ж неяк
прыстасоўваліся адзін да аднаго. Новыя майстры набывалі сякі-такі спрыт у
працы і наш звышкантроль за іх працай пачаў раздражняць іх. Ім хацелася
больш даверу і самастойнасці. Такія пажаданні былі выказаны і на
прафсаюзнай канферэнцыі, з чым мы з памочнікам пагадзіліся.
З 1990 года працаваць
стала лягчэй. Вельмі добра было зроблена лесаўпарадкаванне, адпаведныя яму
планы даведзены разумныя і арганізоўваць працу стала проста. За кожным
майстрам быў замацаваны ўчастак і трактар, гадавы план падзелены па дэкадах
на кожным выдзеле, прызначаным у высечку. Такім чынам, гадавы план,
даведзены лясніцтву, быў падзелены паміж майстрамі. Кожны майстар атрымаў
свой план на рукі, копіі дасланыя дырэктару, галоўнаму ляснічаму,
эканамісту і галоўнаму бухгалтару лясгаса. За ляснічым пакінута толькі
права кантроля за яго выкананнем. Першы квартал 1990 года адпрацавалі з
некаторымі адхіленнямі. Абмеркавалі на агульным сходзе, як гэтыя адхіленні
выправіць. Натуральна, што нагрузка на майстроў узрасла, але паступова яны
звыкліся з новымі патрабаваннямі і сталі выконваць свае абавязкі.
У ліпені ў лясніцтва
прыехаў галоўны ляснічы лясгаса М.Кандрусевіч рабіць чарговую комплексную
рэвізію. Я прапанаваў яму рабіць рэвізію без мяне і пра ўсе недахопы
ўказваць непасрэдна майстрам. Але Мікалай Іванавіч адмовіўся праводзіць
рэвізію без ляснічага, сказаў, што майстраў за кіраўнікоў ён не прызнае.
Будучы ўпэўнены ў кампетэнтнасці сваіх майстроў, я папрасіў у дырэктара
водпуск, якога не меў даўно, і сыйшоў у водпуск. Рэвізію М.Кандрусевіч
выконваў з памочнікам ляснічага К.Голубам і пазней заявіў дырэктару, што
ляснічы, маўляў, дажывае да пенсіі і нічым займацца не хоча. Але дырэктар
М.Балафінаў не пагадзіўся з такім меркаваннем.
Усё новае, перадавое
(ці ў тэхналогіі, ці, вось як тут, у чалавечых стасунках) даводзілася
ўводзіць з цяжкасцямі, часта не маючы падтрымкі ў вышэйшых інстанцыях.
За 30 гадоў працы ў
лясніцтве мы сумелі захаваць і прымножыць лясы на нашых плошчах. Плошчаў,
не пакрытых лесам, амаль не засталося. Запасы драўніны выраслі нашмат. Ужо
не было ніякіх праблем з дрывамі для насельніцтва, ды й з будаўнічым лесам
таксама. Людзі працавалі добра, шмат каму хацелася б сказаць цёплыя словы.
Звальненняў не было, хіба што па дасягненні ўзросту мы каго з пашанай
адпраўлялі на пенсію.
На пачатку новага
стагоддзя лясніцтва мае наступны аб’ём працы з такімі матэрыяльнымі і
фінансавымі паказчыкамі. Пасадку леса праводзім штогод на плошчы 20-40 га
пераважна на землях, якія перадаюцца ад сельгаспрадпрыемстваў. Сельскія
гаспадаркі пасяўныя плошчы скарачаюць і малапрадукцыйныя землі перадаюць
лясніцтвам. Зараз у лясніцтве болей за тры тысячы гектараў наяўнага лесу
(трэцяя частка ўсіх нашых лясоў) займае лес, створаны рукамі людзей.
Высечкі догляду за
лесам вядуцца штогод на плошчы больш за 200 га, пры гэтым нарыхтоўваецца
больш за 10 тыс. кубаметраў ліквіднай драўніны. Гэтыя высечкі на 70% вядуцца
ў маладняках 60-70-х гадоў пасадкі.
Ад рэалізацыі
драўніны атрымліваем 55-60 мільёнаў рублёў. У тым ліку 5-6 мільёнаў наяўных
грошай атрымліваем ад рэалізацыі насельніцтву дроў (да трох тысяч
кубаметраў за год) і будаўнічай драўніны (да двухсот кубаметраў), большай
часткай гэта жэрдкі і слупы для рамонта агарожы. Асноўную частку астатняй
драўніны выкупляе гасразліковы цэх для яе далейшай перапрацоўкі. Дровы
завозім мясцовым бюджэтным арганізацыям: жылкамунгасу, магазінам, школам,
бібліятэкам, установам аховы здароўя, а таксама інвалідам і ўдзельнікам
вайны ці прыроўненым да іх асобам. Гэта складае меншую частку нарыхтаваных
дроў. Астатняе перапрацоўваем на тэхналагічныя трэскі і пастаўляем
Бабруйскаму гідролізнаму заводу і Фандаку.
Ад перапрацоўкі
жэрдак атрымліваем балансы сасновыя і яловыя (да 2,5 тыс. куб.м за год) і
адпраўляем іх на экспарт ці сумесным прадпрыемствам. Больш буйная драўніна
перапрацоўваецца цэхам лясгаса на розныя піламатэрыялы. Выручка за
рэалізацыю сыравіны прамысловай перапрацоўкі складае 110-120 мільёнаў
рублёў. 20 мільёнаў з іх ідзе на заработную плату.
Уся гэтая праца
выконваецца пры паспяховай ахове лесу ад самавольных высечак, ад пажараў ды
іншых лясных бед. Самавольныя высечкі зведзены да мінімума. Мне ўжо цяжка
ўспомніць, калі такое было апошні раз. Пажары таксама не бушуюць, як раней,
бо заўважаюцца своечасова і ліквідуюцца на пачатковай стадыі. Нават у
жудасным для лесу жніўні 1992 года, калі слупок тэрмометра на доўгі час
нібыта прыкарэў да адзнакі вышэй за 35 градусаў і лясы задыхаліся ад
пажараў, а ў суседнім Гарадокскім лясніцтве ад іх цалкам згарэлі нават дзве
вёскі Калюга і Сельцы, у нашым лясніцтве пажары знішчылі не болей за гектар
лесу.
Для выканання
патрэбнай працы ў лясніцтве зараз маецца: грузавы аўтамабіль ГАЗ-53, пажарны
аўтамабіль ГАЗ-66, легкавы аўтамабіль УАЗ-469, два матацыклы ММВЗ, чатыры
веласіпеды, чацьвёра коней, тры трактары МТЗ-80, тры прычэпы 2ПТС-4,
прычэпная ёмістасць з насосам на 3 т вады, плугі, культыватары ды іншая
навясная тэхніка для працы ў лесе, тры радыёстанцыі, дзесяць бензапіл.
Папаўненне лясніцкага парка аўтамабіляў і механізмаў спрыяе таму, каб усю
неабходную працу ў лесе выконваць своечасова, хутка і якасна.
Лясы багатыя на грыбы
і ягады, хаця цяпер у меншай ступені. І лясніцтва паралельна з раённай
нарыхтоўчай службай займалася нарыхтоўкай таго, што шчодра даваў лес. Мы не
былі канкурэнтамі: хапала і тым, і другім. Грыбоў за сезон нарыхтоўвалі
да 12 тон, журавін (калі яшчэ не паасушвалі балоты) – да дзесяці тон.
Прымалі чарніцы, брусніцы, буякі. Багата ў лесе было суніц, маліны, ажыны,
але гэтыя ягады занадта далікатныя, каб займацца іх нарыхтоўкай.
Нарыхтоўвалі чырвоную рабіну. Але яе было няшмат у нашых лясах. Да таго ж,
людзі, каб абабраць рабінавае дрэва, часта ссякалі яго.
У 70-х гадах нам з
лясгаса прапанавалі насадзіць плантацыю чорнаплоднай рабіны (ароніі). Яна
больш ураджайная, чым чырвоная, і карысці з яе ягад болей. Спачатку мы
пасадзілі плантацыю ароніі каля ЛЭП у раёне Ясянцоў. Але па ЛЭП саўгас
зрабіў прагон для скаціны, якая нашу плантацыю абгрызала і вытоптвала. Тады
мы заклалі новую плантацыю на паўтары гектары ў 12-м квартале каля Тоўстага
Леса, – туды скаціну не ганяюць на пашу дый землі там лепшыя. Хутка пачалі
збіраць па паўтары тоны ягад. Нядаўна дасадзілі яшчэ чатыры гектары.
Раней нарыхтоўвалі
бярозавы сок. Але цяпер узніклі праблемы з хуткаснай дастаўкай яго на
перапрацоўку, бо гэты сок не можа доўга чакаць, скісае, таму зараз
адмовіліся ад гэтага.
Займаліся нарыхтоўкай
смалы.
Жывёлы ўсякай у лесе
хапала. Пакуль у нашым лесе палявання на ласёў не было, а наўкола (у
Глушанскім, Карытнянскім, Дараганаўскім лясніцтвах) на іх палявалі, дык яны
сыходзілі да нас хавацца. Я аднойчы сустрэў табун, у якім налічыў 27 галоў.
Але ў такой колькасці яны становяцца ўжо небяспекай для лесу. Неяк за зіму
з’елі мо 200 гектараў маладога сасонніку. Тады і мы пачалі паляванне на
ласёў.
Перабудова ў
грамадстве (канец 80-х – пачатак 90-х гадоў), на жаль, істотна адбілася і на
лясных жыхарах. У тыя гады было шмат браканьераў. У смутныя часы заўсёды
вылазіць усякая шушамець – марадзёры, рабаўнікі, браканьеры. Вось і тут,
пачуўшы дзяржаўную слабіну, – адкуль толькі набраліся. Ласёў і кабаноў
пастралялі шмат, цяпер іх меней. Зараз парадку стала болей і лес зноў
ажывае, папаўняе сваё насельніцтва – ласі, алені, касулі, дзікі. Пра ліс
ды зайцоў і казаць няма чаго, гэтых заўсёды хапала.
Ёсць ваўкі. Лес без
ваўка – нібыта ўжо й не лес. Калі іх становіцца зашмат і пачынаюць назаляць
людзям (напрыклад, гуся якога скрадуць), тады збіраюцца паляўнічыя і
адстрэльваюць іх. Некалькі год таму паляўнічыя з Глуска пастралялі ваўкоў
каля Паляны і ваўчанят адлавілі. Цяпер яны рэдка трапляюць людзям на вочы.
Трымаюцца больш жывёльных могільнікаў – дзе цяля здохне, яго на могільнік
выкінуць, а ноччу ваўкі раздзяруць. Так і ходзяць кругам па могільніках:
Яўсеевічы – Дойнічаў – Карытнае – Радуцічы. А другая сям’я сваю тэрыторыю
мае: Барысаўшчына – Калюга – Бабірова – Паляна.
Мядзведзя апошняга
мая бабка Макрэна бачыла яшчэ пры цары. Як павысякалі лес пад хутары, то
мядзведзі і сышлі. Вялікаму зверу вялікая прастора патрэбна, каб было дзе
схавацца ад людзей. Як мядзведзю, так і зубру. Некалі ў нашых лясах і зубры
вяліся. Але таго часу ўжо не помняць і старажылы. Праўда, аднаго зубра неяк
тут бачылі. Недзе напачатку 90-х паміж Калёсамі і Лукой ляснік Луфераў
пабачыў: ідзе па лесе зубр, а на шыі ў яго медальён на чорнай стужцы. Тады
неяк спрабавалі рассяліць зуброў з Белавежскай пушчы. Мо, якога завезлі і ў
Бярэзінскі запаведнік, дык ён пешшу пайшоў назад, да родных мясцін. Можа й
дайшоў.
І з мядзведзем
аднойчы шум узняўся. Не ў нас, праўда, але блізка – ва ўрочышчы Вомелле. Там
дзед маёй нявесткі Людмілы старажаваў торфараспрацоўкі. Сумна суткамі аднаму
сядзець, любіў, калі да яго хто ў госці заглядваў. Але людзі туды толькі на
працу прыязджалі, скончаць працу – і адразу дадому. А ён заставаўся адзін,
як воўк. Дык ён што прыдумаў. Сплёў аднойчы нейкія лапці, што маглі дакладна
мядзвежы след пакідаць, надзеў іх на рукі і на ногі і так на карачках
прайшоў па лесе за кар’ерамі мо з паўкіламетра ці болей. А потым падняў
гвалт, што мядзведзя бачыў. Дык усе хадзілі глядзець тыя мядзвежыя сляды.
Дзіва было яшчэ і ў тым, што зімой мядзведзь, калі ён і завёўся тут, павінен
спаць у бярлозе, а гэта нейкі шатун шастае. Мо з тыдзень чалавек радаваўся
людской кампаніі. А потым леснікі зацікавіліся: куды ж той мядзведзь
пайшоў? Прайшлі па слядах (добра, што снегу новага не нанесла), дайшлі да
канца кар’ераў і ўбачылі, што “мядзведзь” выйшаў на дарогу і пайшоў па ёй
ужо чалавечымі слядамі. Пярэварацень нейкі!
У 70-х гадах з нашай
дапамогай развяліся бабры. Цяпер яны асвоілі і рэкі, і меліярацынйыя канавы.
Сустракаюцца хахулі, выдры, але рэдка. Зусім рэдка сустракаецца рысь, мо
ўжо й звялася зусім.
Птушынае царства
таксама разнастайнае. Зязюлі распладзіліся, куваюць па ўсім лесе, толькі
паспявай гады лічыць. Глушцы, цецярукі... Іх менш, чым было, але яшчэ хапае.
Калісьці – як збяруцца цецярукі ў Мастах ці ў Поклані такаваць, дык мо
тысячы. Прыдзеш на тое поле і глебы не ўбачыш. Цяпер жа харчу ім менш –
балоты павысушвалі, журавін тых зімой пашукаць трэба.
Шмат курапатак. Гэтыя
птушкі да чалавека туляцца, з ім і выжываюць. Але дурнаватыя. Знойдуць каля
дарогі які капец саломы, наядуцца дый пасядуць ноччу на дарозе. А машына
ідзе, аслепіць іх фарамі дый падушыць.
Буслы не зводзяцца –
у лесе, на полі, на балоце ім заўсёды харч ёсць. Неяк знайшоў гняздоўе
чорнага бусла, паведаміў у лясгас. Адтуль загадалі назіраць і паведамляць ім
– колькі яек у гняздзе, колькі буслянят вылупілася. Крыху спрабавалі
падглядваць, але чорныя буслы – птушкі асцярожныя, зляцелі ад нас у
Асіповіцкія лясы. Потым яшчэ два гняздоўі бачыў, ды ўжо нікому не казаў. У
нашых лясах глухіх мясцін хапае, куды чалавек рэдка заглядвае, дык яны там
развяліся. Цяпер ужо чорныя буслы не рэдкасць. Мінулай восенню на сваім
сенакосе пабачыў (мо, збіраліся ў вырай ляцець) дзесяткі тры белых буслоў і
з імі каля дзесятка чорных.
А ў 1985 годзе лясгас
запатрабаваў завесці пры лясніцтве сваю пасеку. Закупілі 20 сем’яў з
вулеямі, паставілі іх у Паршчасе, а пчаляром я прызначыў М.Караля. Міхаіл
Цітавіч спачатку сумяшчаў гэтую працу з абавязкамі лясніка, а потым, калі
пасека пашырылася (закупілі ў Чэрыкаўскім лясгасе яшчэ 50 сем’яў), цалкам
пераключыўся на гэтую працу. Пчолы прыжыліся, рассяліліся, было ўжо болей
за сто сем’яў. Не сказаць, каб яны радавалі нас вялікім медазборам, але ўсё
ж за лета мы здавалі ў лясгас па тры саракалітровыя бідоны мёду. Але затым
пчолы захварэлі варатозам, на іх напалі нейкія блошкі, з якімі не ведалі,
як змагацца. І гады былі для пчол няўдалымі – маласонечныя леты, мокрыя
зімы. Так яны пачалі паступова зводзіцца. Бачачы, што справу ўжо не
паправіць, пасеку мы закрылі, а яе астатак, сем’яў сорак, перадалі
Слаўкавіцкаму лясніцтву. Дарэчы, пчолы пачалі зводзіцца не толькі на нашай
пасецы, яны пачалі зводзіцца і ў людзей, якія здаўна трымалі пчол. Магчыма,
прычына таму ў хімізацыі сельскай гаспадаркі, магчыма, яшчэ ў чым. Цяпер ні
ў Сімонавічах, ні ў навакольных вёсках няма ні воднай пчалінай сям’і, няма ў
каго мёду купіць.
Багатыя лясы і на
лекавую сыравіну. Яе збор для фармакалагічнай службы краіны – таксама
клопат лясніцтва. Быў выпадак, калі нейкі сенакос цалкам зарос святаянікам
(яго яшчэ завуць “зверабоем”). Мы скасілі і здалі ў аптэку цэлы воз
святаяніку.
Гэта ўсё паказвае
спектр нашай работы з лесам, работы, якая з кожным годам набывае новыя рысы,
новыя адметнасці. І новыя складанасці.
З часам работнікі
лесааховы пачалі набываць матацыклы, якія, акрамя іншага, дапамагалі ім
выконваць свае службовыя абавязкі. Але пасведчанняў на кіраванне
мотатэхнікай амаль ні ў кога не было, таму набытыя матацыклы ДАІ не
рэгістравала і нумарныя знакі не выдавала. Па лесе на такім транспарце
ездзіць можна было, але выезд на дарогу быў рызыкоўны штрафам, а то й
канфіскацыяй матацыкла.
У 60-я гады было
дазволена здаваць іспыты на права кіравання матацыклам экстэрнам. Праблема
была ў тым, каб нехта навучыў. І я вырашыў падрыхтаваць групу самастойна.
Досвед падрыхтоўкі вадзіцеляў у мяне ўжо быў: яшчэ пад час службы ў войску ў
Ленінградзе з маёй дапамогай былі падрыхтаваныя дзве групы вадзіцеляў І і ІІ
класа. Арганізатарамі тых курсаў былі ВАІ і аўтатэхнікум. Пад час майго
навучання ў аўтатэхнікуме там заўважылі ў мяне здольнасці інструктара па
правілах дарожнага руху і прапанавалі дапамагчы гэтым групам падрыхтавацца
да іспыту. Нешта атрымалася. Цяпер я вырашыў скарыстаць набыты досвед.
Завітаў у ДАІ
г.Бабруйска, дзе павінны былі прымацца іспыты, патлумачыў свой намер.
Начальнік скіраваў мяне да намесніка дырэктара аўтамотаклуба ДТСААФ
М.Талкачова, той прапанаваў аформіць падрыхтоўку групы праз іх школу, дзе
мяне прызначаць выкладчыкам, выдадуць неабходныя наглядныя дапаможнікі,
макеты і будуць аказваць неабходную дапамогу. Гэта дазволіць зрабіць
падрыхтоўку вадзіцеляў больш якаснай і больш шырокай (маўляў, можна будзе
працаваць не толькі з леснікамі). Я натуральна пагадзіўся.
У групу набралася 32
чалавекі. Арганізавана прашлі медкамісію і пачалі заняткі. Заняткі
праводзіліся раз на тыдзень, па нядзелях, і доўжыліся тры месяцы. Вывучалі
правілы дарожнага руху, будову матацыкла і асаблівасці ўпраўлення ім. Па
заканчэнні зарэгістраваў усіх на іспыт у Бабруйскім аўтамотаклубе,
атрымаўшы дазвол кожнаму здаваць практычную частку на сваім транспарце.
Іспыт прымаў капітан
Ермаліцкі з абласнога ўпраўлення ДАІ. А здаваць прыбылі тры групы – з
Глушы, Дойнічава і Завалочыц.
“Хто падрыхтоўваў?” –
спытаў капітан у М.Талкачова. Той адказаў, назваўшы прозвішчы: у Глушы –
механік шклозавода, у Дойнічаве – галоўны інжынер гаспадаркі, а ў
Завалочыцах – ляснічы. “Хто? Ляснік?! – ускінуўся капітан, – Ты што вярзеш?”
– “Але ж, – пацвердзіў збянтэжаны Талкачоў, – ляснік.” Капітан вылаяўся і
пачаў прымаць іспыт. Па яго заканчэнні выявілася, што з 24 чалавек
Глушанскай групы здалі іспыт 12, з 26 чалавек з Дойнічава здалі 7 ці 8, а з
30 чалавек з Завалочыц здалі 28. Не здалі двое, тыя, хто рэдка наведвалі
заняткі. Зацікаўлены капітан звярнуўся да М.Талкачова: “Пакажы мне гэтага
лесніка”. Я стаяў побач, назваўся і распавёў пра свой досвед інструктара
аўтамотатэхнікума. Супакоены капітан паехаў дадому, пакінуўшы за мной права
на падрыхтоўку матацыклістаў.
У наступныя гады
навучэнцы яшчэ шасці маіх груп паспяхова здалі іспыты ў Бабруйскім
аўтамотаклубе і атрымалі правы на кіраванне матацыклам. Затым Завалочыцы
перадалі Асіповіцкаму аддзяленню ДТСААФ. Я падрыхтаваў дзве групы, якія
здавалі іспыты ўжо ў Асіповічах. Але з боку Асіповіцкага аўтамотаклуба
зацікаўленасці ў маёй рабоце не было, ніякай дапамогі (нават звычайнымі
табліцамі, нагляднымі дапаможнікамі) не было, зарплаты мне амаль не плацілі,
а плату за здачу іспыту значна павялічылі (у Бабруйску гэта каштавала
кожнаму ўсяго 1 рубель). Бачачы такую незацікаўленасць, я адмовіўся надалей
выконваць гэтую працу. Тым болей, што сваіх леснікоў ездзіць на матацыклах
ужо навучыў, а пра іншых мне турбавацца не трэ было.
Даводзілася мне
займацца і падрыхтоўкай трактарыстаў у саўгасе “Завалочыцы”, выкладаў ім
правілы дарожнага руху.
А калі ў лясніцтве
пачалі з’яўляцца бензаматорныя пілы, да работы з якімі даспукаліся толькі
падрыхтаваныя спецыялісты з адпаведным пасведчаннем, давялося весці пры
лясніцтве і курсы па падрыхтоўцы бензапільшчыкаў. Гэтыя курсы дзейнічалі пры
лясніцтве 6 год (з 1967 па 1973 г.). Залікі курсанты здавалі камісіі пад
кіраўніцтвам галоўнага ляснічага лясгаса і здавалі паспяхова.
Пазней пры
Магілёўскім упраўленні лясной гаспадаркі быў створаны Чэрыкаўскі
навучальна-вытворчы камбінат (НВК) па падрыхтоўцы спецыялістаў масавых
прафесій для лясной гаспадаркі вобласці. Мае курсы натуральна закрыліся, а
ўсе ранейшыя выпускнікі павінны былі прайсці перападрыхтоўку ў НВК і
абнавіць пасведчанні. Але перападрыхтоўка не спатрэбілася: усе, хто
прыязджаў туды з Завалочыцкага лясніцтва, паказвалі добрае ўменне валодаць
бензапілой і адпаведныя веды, ім адразу выдавалі новыя пасведчанні і
адпраўлялі дадому.
Даводзілася займацца
і грамадскай працай. Яшчэ пад час працы ў Гарадокскім лясніцтве быў
нязменным намеснікам сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса імя
Будзённага (в.Сімонавічы) і адказным за мастацкую самадзейнасць.
У 1961 годзе, пасля
прызначэння мяне на пасаду ляснічага дырэктар лясгаса М.Доўнар напісаў мне
рэкамендацыю на ўступленне ў камуністычную партыю. Такую ж рэкамендацыю
напісаў і сакратар парткама Г.Траяноўскі. Па прыняцці ў партыю я быў абраны
намеснікам сакратара парткама Глускага лясгаса, гэтыя абавязкі выконваў да
1975 года.

Быў членам
навукова-тэхнічнага таварыства (НТТ) і ўсесаюзнага таварыства вынаходнікаў
і рацыяналізатараў (УТВР). Падаў некалькі прапаноў па рацыянальным
выкарыстанні механізмаў у лясной гаспадарцы. На базе лясніцтва праведзены
тры семінары па абмену досведам сярод работнікаў лясгаса. На адным з іх
дзяліўся досведам па найбольш эканамічным вырабе і ўстаноўцы
пажара-назіральных вышак. Адна з іх, вышынёй 22,5 м, выраблялася на
чатырох драўляных апорах па тыпавым праекце, але са зборкай на зямлі і
ўстаноўкай пры дапамозе гусенічнага трактара. Выключаліся тут земляныя
і бетонныя работы, бо вышка ўстанаўлівалася без фундамента, не
патрабаваліся складаныя шматпавярховыя рыштаванні, і гэта эканоміла
вялікія сродкі. Другая вышка, вышынёй 28 м, выраблялася з металаканструкцый
на жалезабетоннай апоры. Пры яе ўстаноўцы нам таксама ўдалося сэканоміць
каля палавіны запланаваных на гэта сродкаў. Вышка стаіць ужо 15 год і
прастаіць яшчэ гадоў 50.

З 1968 па 1980 год,
калі мае дзеці былі школьнікамі, я быў старшынём бацькоўскага камітэта. З
1986 па 1990 год быў карэспандэнтам УНДІПЗ – усесаюзнага
навукова-даследчага інстытута палявання і зверагадоўлі. Збіраў і перадаваў
туды розную інфармацыю пра жыццё леса і яго насельнікаў. Інстытут найбольш
цікавілі ўраджайнасць грыбоў і ягад у нашых лясах, віды і колькасць дзікіх
жывёл, колькі іх здабыта за сезон палявання. Наўзамен атрымліваў
ілюстраваныя кнігі прыроднай тэматыкі – “Охота в иллюстрациях”, “Край
блакітных азёр”, “Белавежская пушча” ды інш.
Доўгі час быў
старшынём Завалочыцкага калектыва (№ 93) паляўнічых Глускага райсавета
Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў (БТПР). Да Завалочыцкай
паляўнічай дачы далучылі калектывы паляўнічых Бабруйскіх заводаў “Аграмаш”
і “Фандак”. Гэта рэзка павялічыла нагрузку на паляўнічую дачу, кантраляваць
паляўнічых з горада было даволі складана і колькасць дзікіх жывёл у нашых
лясах пачала рэзка зніжацца. Пачаў хадайнічаць, каб вызваліць нашу
паляўнічую дачу ад чужых паляўнічых. Урэшце хадайніцтвы дасягнулі мэты:
бабруйскіх паляўнічых перадалі Глушанскай паляўнічай дачы.
Кіраваў (сумесна з
дырэктарам школы Храпко Міхаілам Аляксандравічам) працай Завалочыцкага
школьнага лясніцтва. У гуртку школьных лесаводаў вывучаліся прынцыпы
лесаводства, асновы лесааховы і лесаўпарадкавання. Летам атрыманыя веды
замацоўвалі практычнымі дзеяннямі ў лесе. Пры школе мелася аўтамашына
ГАЗ-51. Гэтую машыну са школьнікамі прыцягвалі на працу па ачыстцы лесу,
нарыхтоўцы семені лясных культур, на пасадку лесу, ахову мураш-нікаў, выраб
і развешванне птушыных гнёздаў, падкормку птушак зімой. Падкормка дзікіх
жывёл ажыццяўлялася паляўнічымі. Пры школьным лясніцтве была юнацкая
секцыя паляўнічых і рыбакоў, якой кіраваў намеснік дырэктара школы
Атліванчык Уладзімір Іванавіч. Шмат каму гэтая секцыя дапамагла потым стаць
сапраўднымі паляўнічымі і разумнымі рыбакамі. Заняткі ў гэтай секцыі
залічва-ліся як кандыдацкі стаж пры ўступленні ў БТПР. Па выніках
спаборніцтва школьных лясніцтваў вобласці Завалочыцкае школьнае лясні-цтва
займала прызавыя месцы і атрымоўвала ўзнагароды.
Павінен адзначыць,
што школьнікі (найперш з гуртка лесаводаў) істотна дапамагалі лясніцтву па
ахове лесу, асабліва ў ахове ад пажараў. Яны паведамлялі ў лясніцтва, дзе
хто спальвае траву ці смецце, тэлефанавалі, калі бачылі каля якойсьці
вёскі дым, і да т.п. Па іх паведамленнях работнікі лясніцтва своечасова
выязджалі на месца і тушылі агонь, які мог стаць вялікім пажарам. Часта
самі школьнікі дапамагалі тушыць.
З навучэнцаў гуртка
лесаводаў ніхто не стаў сапраўдным лесаводам толькі таму, што паблізу не
было адпаведных навучальных устаноў, а Полацкі лесатэхнікум далекавата,
бацькі не хацелі адпускаць непаўналетніх дзяцей так далёка. Акрамя таго,
школьнікі бачылі, што аплата працы ў работнікаў лясной гаспадаркі
невысокая, а працаваць даво-дзіцца шмат (нарыхтоўваць хваёвыя лапкі яны
паспрабавалі).
Пяць разоў абіраўся
дэпутатам Завалочыцкага сельскага савета, быў членам яго выканкама і
старшынём камісіі па сельскай гаспадарцы і ахове прыроды.
Як дружыннік
(1985-1990) удзельнічаў у некалькіх аперацыях па ахове грамадскага парадку
з работнікамі міліцыі і ДАІ.
Член Беларускага
таварыства лесаводаў з 1992 года. Удзельнічаў у І з’ездзе лесаводаў у
Гомелі, які праводзіўся на базе БелНДІЛГ.
Быў (1979-1993)
таксама старшынём камісіі кааператыўнага кантролю пры Завалочыцкім
сельспажыўтаварыстве.
Грамадскія абавязкі
выконваў добрасумленна, не хацелася чуць папрокі па такой нібыта драбязе.
Але на гэтыя абавязкі патрабавалася шмат часу, які трэ было забіраць або ад
асноўнай працы, або ад сям’і.
Набліжаўся мой
пенсійны ўзрост. Паколькі пенсіі работнікам, якія заставаліся на кіраўнічых
паса-дах, не выплочваліся, то працаваць далей ляснічым я не збіраўся. Але
меркаваў, што перайду на пасаду майстра лесу, бо гэтая пасада не лічылася
кіраўнічай, а здароўе яшчэ, дзякаваць Богу, дазваляла працаваць. Якраз для
таго і месца знаходзілася. Справа ў тым, што ляснік І.Барысік, маючы ўжо
пенсійны ўзрост, не вельмі шчыраваў у доглядзе лесу і часта быў п’яным. Яго
жонка прасіла, каб хутчэй яго звольнілі, мо тады б менш людзі паілі. Гэтае
месца збіраўся заняць в.а. майстра лесу Р.Храпко. А мяне тады перавялі б на
пасаду майстра, што мяне цалкам задаволіла б.
5 студзеня 1992 года
мяне правялі на пенсію. Провады атрымаліся досыць урачыстымі і хвалявітымі
для мяне: прыехалі ляснічыя і іх памочнікі з усіх лясніцтваў, усе
спецыялісты лясгаса. Лясгас падараваў мне каляровы тэлевізар.
З тым тэлевізарам
адбылася крыху сумная гісторыя. Справа ў тым, што каляровыя тэлевізары былі
яшчэ дэфіцытнымі; каб купіць тэлевізар, трэ было чакаць у чарзе некаторы
час. А тэлевізар лясгас выкупіў без чаргі. Аказваецца, першым у той чарзе
быў мой памочнік К.Голуб, ён ужо гатовы быў забраць завезены тэлевізар, але
яго забраў лясгас для мяне. Канстанцін Трафімавіч з жонкай (яна – асабліва)
пакрыўдзіліся настолькі, што нават не прышлі праводзіць мяне на пенсію.
Дырэктар М.Балафінаў
праз колькі дзён прапанаваў К.Голубу напісаць заяву на пасаду ляснічага і
прыняць лясніцтва. Але той адмовіўся, спасылаючыся на цяжкасці па догля-дзе
асабістай гаспадаркі (яго жонка захварэла і ляжала ў бальніцы). Акрамя
таго, як высветлілася, пры павышэнні ён меў бы меншую зарплату, бо ён быў
памочнікам І класа, а пры пераходзе на пасаду ляснічага класнасць і
адпаведная частка зарплаты губляліся б. Тады Мікалай Іванавіч прапанаваў
мне працягваць некаторы час працу на пасадзе ляснічага, пакуль з
Чарнобыльскай зоны не прыедзе знаёмы яму ляснічы. Але пазней даведаліся, што
той ляснічы разам з усёй вёскай пераехаў у новы пабудаваны пасёлак. І я
працягваў працаваць на пасадзе ляснічага да 1995 года, тым болей што СССР
ужо не было, а ў Беларусі заканадаўства змянялася: цяпер нават на кіраўнічых
пасадах пенсія выплочвалася цалкам.
У 90-х гадах аб’ёмы
працы ў лесе сталі большымі. Гэта й зразумела: мы паспяхова вырошчвалі і
ахоўвалі лясы і прырост драўніны быў значны. Зменшыліся высечкі догляду ў
маладняках, але значна павялічыліся высечкі догляду па прарэджванні лесу. У
занадта густых пасадках 60-х гадоў даводзілася высякаць з аднаго гектара па
60-90 куб.м дробнай драўніны, якая не карысталася попытам. Для продажу такую
драўніну трэ было перапрацаваць. Узнікла патрэба мець у лясніцтве ўласны
цэх па перапрацоўцы дробнай драўніны. М.Балафінаў падтрымаў ідэю і дапамог.
Так у лясніцтве з’явілася свая электрападстанцыя КТП-100. Набылі
здрабніцель, устанавілі яго на пляцоўцы лясніцтва. Адпаведна з’явілася новая
пасада: майстар цэху.
Аднойчы ў нейкай
застольнай кампаніі з работнікамі лясніцтва зайшла размова аб адносінах у
калектыве. Гарэлка звычайна развязвае языкі і мужыкі выказваюцца тады больш
шчыра. Нехта адзначыў, што К.Голуб пасля кадзіравання ад алкагалізму стаў
досыць грубым, прыдзірлівым. К.Герман патлумачыў, што той хоча заняць месца
ляснічага, а я гэтае месца не вызваляю. Я нагадаў, што прапанову на гэтую
пасаду К.Голуб атрымаў яшчэ ў студзені 1992 года, але ад гэтай прапановы
адмовіўся. У тым жа і справа, – патлумачылі мне К.Герман і Л.Горбель, – што
заяву ён пісаць не хацеў. Бо калі напішаш заяву, тады атрымліваецца, што сам
узяўся за гэтую справу, сам высунуўся, а калі не атрымаецца (чаго ён
баяўся), то будзе сорамна. А калі я сыйду, то яму прыдзецца замяніць мяне
нібыта па абавязку. І калі цяпер не атрымаецца, дык што ж – “я не прасіў,
мяне прымусілі!” А я такі нездагадлівы – не пускаю паспрабаваць. Мужыкі
раскрылі мне вочы на некаторыя асаблівасці паводзін майго памочніка. Бо,
выступаючы на сходзе, ён звычайна казаў разумныя рэчы, без наскокаў у мой
бок ці нейкай крытыкі, а пасля сходу, у гутарках з кім-небудзь гаварыў
іншае, ствараючы нярвозныя абста-віны ў калектыве.
Працяглы час мы
працавалі без бухгалтара. Абавязкі бухгалтара выконваў я сам, што было
істотнай нагрузкай на мяне, зусім не адпаведнай невялікай суме даплаты. Неяк
зайшоў Гарнастай Яўген Мікалаевіч з Сімонавіч. Ён толькі што ажаніўся.
Жонка, Шкерманкова Ніна Васільеўна, пераехала сюды з Чэрыкаўскага раёна і
шукала працу. Ён прапанаваў прыняць яе на пасаду бухгалтара, бо яна мела
педагагічную і бухгалтарскую адукацыю. Узрадаваўшыся, што можна скінуць з
сябе значную частку непатрэбных мне абавязкаў, я хутка аформіў яе
бухгалтарам, не высвятляючы яе мінулага. Але, мабыць, дарэмна не
пацікавіўся. У Чэрыкаўскім раёне Н.Шкерманкова займала пасаду старшыні
сельскага савета. Адказнасці на гэтай пасадзе амаль ніякай, толькі і
справы, што падзяліць дэфіцытныя тавары ў магазіне і не пакрыўдзіць пры
гэтым сябе. Такое хутка становіцца звычкай. У лясніцтве яна хацела
кіраваць, як у сваім сельсавеце. Папрацаваўшы некаторы час бухгалтарам,
Н.Шкерманкова даведалася, што маецца сякая-такая маёмасць (бочка, прычэп,
спісаны ды адрамантаваны мною трактар, яшчэ штосьці), не аформленая на
балансе лясніцтва, і заявіла, што ўсё гэта – такое ж ейнае, як і маё.
Пазней пачалі знікаць нейкія рэчы. А хвароба прысвойвання заразная.
Трактарыст Л.Сцяпанаў забраў сабе вадкасны раскідвальнік РВТ-1,7. Пытаю –
навошта? А ён, – адказвае, – не лічыцца ў лясніцтве, таму хай будзе ў
мяне...
Паспяхова закончыўшы
першую пяцігодку 90-х гадоў, я падаў заяву на вызваленне мяне з пасады
ляснічага з просьбай перавесці на пасаду майстра цэха. 10 студзеня 1995
года я перадаў лясніцтва К.Голубу. Сваім памочнікам ён папрасіў прызначыць
Алега Рубанава, майстра лесу, з якім ён сябраваў і часта выпіваў, пакуль
не закадзіраваўся.
Вялікую маю
збянтэжанасць выклікала патрабаванне К.Голуба аддаць яму ключы ад канторы.
Хаця патрабаванне нібыта натуральнае, але ключы ў Канстанціна былі свае і я
меркаваў, што, як і раней, змагу заходзіць у кантору (канечне, не ў кабінеты
ляснічага ці бухгалтара), калі захочу. Але ж ён так не думаў. Акрамя таго,
ён выказаў незадавальненне тым, што мяне пакінулі працаваць майстрам цэха,
а не ў лесе. Я так і не зразумеў, чым гэтае незадавальненне выклікана.
Новы ляснічы з новым
памочнікам адразу заняліся збытам лесу. А.Рубанаў вывез з-пад Арыжні больш
за 20 кубаметраў лесу і схаваў яго каля Завалочыц, потым некуды збыў. Пра
гэта я даведаўся пазней. Затым сам К.Голуб нарыхтаваў і вывез з квартала
лесніка Дзяшчэні 40 кубаметраў якаснай будаўнічай драўніны, прыблізна
трэцяя частка якой была выпісана. Дзяшчэня, бачачы такое, спіліў некалькі
сосен для сябе і быў за гэта звольнены з працы.
К.Голуб кіраваў
лясніцтвам нядоўга. Падвяло здароўе, захварэў і злёг надоўга ў бальніцу.
Абавязкі ляснічага на перыяд яго працяглай адсутнасці па штаце павінен
выконваць яго памочнік. Але гэты працэс перайначыла Н.Шкерманкова, якая
захацела зрабіць ляснічым сябе. Зрабіла гэта ў лепшых традыцыях жаночага
інтрыганства. Запрасіла да сябе ў кабінет А.Рубанава (ён пазней усё гэта і
расказаў) і сказала яму, што калі ён прыме лясніцтва, дык Булавацкі
пасадзіць яго ў турму за крадзеную драўніну (пра якую я тады яшчэ нічога не
ведаў), а таму лепш напішы заяву, што ты не спраўляешся з абавязкамі
памочніка ляснічага, ды ідзі працаваць майстрам, тым самым уратуешся ад
вялікіх непрыемнасцяў. Збянтэжаны Рубанаў напісаў заяву і аддаў ёй, сам
дырэктару лясгаса не павёз. Задаволеная Н.Шкерманкова, выходзячы з
бухгалтэрыі і заўважыўшы некалькіх леснікоў, буркнула нешта наконт таго,
што ўсе леснікі – гультаі, нядбайнікі, нічым не займаюцца і з заўтрашняга
дня будуць выконваць яе загады. Здзіўленыя такім наскокам леснікі толькі
пераглянуліся.
На другі дзень
Н.Шкерманкова паехала ў лясгас, паклала перад дырэктарам М.Балафінавым заяву
А.Рубанава – вось, маўляў, у лясніцтве безуладдзе, трэба прымаць тэрміновыя
меры, бо Рубанаў сапраўды не спраўляецца. Мікалай Іванавіч перагледзеў
штатны расклад лясніцтва і напісаў загад аб прызначэнні майстра лесу
І.Мірановіча выканаўцам абавязкаў ляснічага, бо ў яго і думкі не магло
з’явіцца, каб на гэтую пасаду прызначыць жанчыну. Ніна не чакала такога
павароту і паехала назад засмучоная.
Іван Іванавіч
“выконваў абавязкі” некалькі месяцаў, але пераважна выконваў іх, як і
ранейшыя абавязкі майстра лесу, у кабінеце, аргані-зацыяй работ і
кантролем за імі не займаўся. К.Голуб пасля лячэння і аперацыі атрымаў
другую групу інваліднасці і папрасіўся дапрацаваць да пенсіі на ранейшай
пасадзе – памочніка ляснічага. Да пенсіі дапрацаваў, але потым хутка памёр.
Лясгас заняўся
пошукам новага ляснічага.
Яшчэ ў 1991 годзе ў
наша лясніцтва завітаў памочнік ляснічага з Каткі Трухан Уладзімір
Віктаравіч. Ён мяне зацікавіў і я параіў яму заняцца падрыхтоўкай да
пераводу ў Завалочыцкае лясніцтва, каб потым заняць маё месца. Трухан
успрыняў прапанову і нават пачаў будаваць дом у Завалочыцах. Але дырэктар
не пагадзіўся на такі перавод (перавёў яго памочнікам ляснічага ў
Гарадокскае лясніцтва), матывуючы сваю адмову тым, што У.Трухан да пасады
ляснічага ня здольны. Магчыма, дырэктару відней, ён лепш ведае свае кадры.
Вяртаючыся неяк з
абласной нарады, М.Кандрусевіч гутарыў у аўтобусе з ляснічым Глушанскага
лясніцтва У.Белашам і сказаў, што ў Завалочыцкае лясніцтва патрабуецца
ляснічы. У.Белаш прапанаваў свайго земляка і сваяка Керуса Леаніда
Васільевіча, які працаваў у Глушанскім лясніцтве майстрам лесу. У выніку
Керус Л.В. і стаў ляснічым.
ХХІ стагоддзе наша
краіна сустрэла незалежнай. Але гэтая незалежнасць не падмацаваная
дастатковым запасам уласнай сыравіны. Асноўная беларуская сыравіна – лес,
які пастаянна ўзнаўляецца і папаўняецца, дзякуючы працы лесаводаў
Беларусі.
Але мяняюцца патрэбы
дзяржавы, адпаведна мяняюцца вытворчыя стасункі. І ў гэтым рэчышчы
змяняецца лесавод. Сёння лесавод становіцца больш спажыўцом, чым вытворцам.
На пачатку маёй працоўнай дзейнасці мы імкнуліся аднавіць і ўдасканаліць
прынятыя намі лясы, знявечаныя вайной і нядбайнай пасляваеннай
гаспадаркай, якая патрабавала шмат лесу на адбудаванне разбуранага. Нашым
клопатам было вярнуць лесу яго нармальны стан, узбагаціць яго каштоўнымі
пародамі дрэў, павысіць якасць яго жыццядзейнасці. Сёння ж работнікі лясной
гаспадаркі, скарыстоўваючы вынікі самаадданай працы сваіх папярэднікаў,
імкнуцца як найбольш узяць з лесу, атрымаць ад яго найбольшы прыбытак.
Такая дзейнасць становіцца для леса рызыкоўнай.
Трывога, якую па
гэтай прычыне ўздымаюць асобныя журналісты і для якой, на мой погляд, ёсць
падставы, не падзяляецца кіраўнікамі камітэта лясной гаспадаркі. Яны
тлумачаць, што гадавая разліковая лесасека не высякаецца і ў леса тым самым
застаецца дастаткова сіл для самаўзнаўлення. Але ў разліковую лесасеку
ўнесены пасадкі на балотах (сасна, альха, бяроза), якія для калёснай тэхнікі
недасягальныя, і гэтая недасягальнасць кампенсуецца залішнімі высечкамі
леса па сухадоле, што прыводзіць да знясільвання і спусташэння лясоў на
сухадолах. Акрамя таго, у імкненні да папаўнення дзяржаўнага бюджэту валютай
лес і ўсё, чым ён багаты, ідзе на экспартны распродаж: лепшыя гатункі
драўніны – на экспарт, зверагадоўля – на экспарт (прадаюцца ліцэнзіі
паляўнічым з замежжа), грыбы, ягады – на экспарт, лекавую і тэхнічную
сыравіну – на экспарт. Пры такой інтэнсіўнасці экспарту можна некалі
застацца без лесу. Але ж каштоўнасць лесу не толькі ў драўніне, грыбах і
ягадах. Лес – гэта лёгкія краіны, крыніца здароўя яе насельніцтва. Лес –
гэта эстэтычная аздоба краіны, крыніца натхнення паэтаў і музыкантаў. Лес –
гэта надзейны сябра і абаронца прыроды і чалавека як часткі гэтай прыроды.
Ідуць гаворкі аб
рэфармаванні і ўпарадкаванні ляснога комплексу Беларусі. Нібыта
падрыхтаваны праект новага закона аб лясной гаспадарцы. Шкада, што гэты
праект не надрукаваны для яго крытычнага асэнсавання і пакуль невядома, у
якім кірунку ён зменіць лесакарыстанне. Калі ляснічы пасля рэфармавання
стане руплівым гаспадаром леса, стане лесаводам у найпершым значэнні гэтага
слова, то лясы Беларусі будуць жыць і развівацца на радасць яе жыхарам.
Калі ж над ляснічым паўстане чыноўнік, які з дня ў дзень будзе патрабаваць
даць болей, даць лепшага, даць у што б гэта ні абыйшлося, бо ў дзяржаве
няма валюты, то лясы нашы чакае вялікая бяда. Як хочацца дачакацца лепшага з
гэтых варыянтаў!

Калектыў Завалочыцкага лясніцтва напачатку ХХІ стагоддзя
(травень 2001 г.)
Пярэдні рад (злева направа): ляснік Голуб Леанід, майстар лесу Ефімовіч
Віктар, майстар лесу Тара Мікалай, памочнік ляснічага Дзяшчэня Сяргей,
бухгалтар Дзяшчэня Зоя, ляснічы Керус Леанід, майстар лесу Барысаў
Аляксандр, майстар цэха Булавацкі Мікалай.
Сярэдні рад: шафёр Дубінчык Мікалай, лесаруб Калента Анатоль, ляснік
Кудзёлка Васіль, ляснік Паддубскі Ўладзімір, ляснік Тропін Павел,
трактарыст Белавушка Мікалай, лесаруб Студнеў Міхаіл, вальшчык лесу Гурын
Ігар, лесаруб Окрут Іван, лесаруб Дзяшчэня Леанід, ляснік Шкуматаў
Міхаіл.
Задні рад: ляснік Курс Сяргей, ляснік Аднамах Ігар, ляснік Аднамах Андрэй,
трактарыст Раманоўскі Аляксандр, трактарыст Ганчароў Андрэй, ляснік Клыга
Яўген, ляснік Мачкоўскі Ўладзімір, лесаруб Бульба Міхаіл, лесаруб Рыбак
Аляксандр, лесаруб Окрут Канстанцін, ляснік Шыла Мікалай.
На
момант здымкі адсутнічалі: конюх Клыга Наталля, ляснік Раманоўскі Валер,
ляснік Шаўчэнка Ўладзімір, ляснік Мішур Сяргей, ляснік Елін Юры, ляснік
Аднамах Міхаіл, лесаруб Ратомскі Ўладзімір.
Мікалай Булавацкі
нарадзіўся 11 верасня 1932 года ў фальварку Восы (зараз – паўночны куток
Глускага раёна Магілёўшчыны) у сялянскай сям’і. Маці – Антаніна Булавацкая і
бацька – Пятро Булавацкі мелі аднолькавае прозвішча і мабыць былі нейкімі
вельмі далёкімі сваякамі. Пра магчымасць такога сваяцтва захавалася сямейная
легенда пра каваля Булаву. Распавёў пра яе дзядзька Васіль, каваль з вёскі
Глуша, незадоўга да сваёй смерці ў 1988 годзе.
Нібыта пад
Асіповічамі, у месцы, пазначаным сёння чатырохкутнікам вёсак Грава –
Малаграўка – Амінавічы – Пагарэлае (найбольш верагодна – у Амінавічах),
напрыканцы XVIII стагоддзя (тады радзіма звалася Вялікім Княствам Літоўскім,
Рускім і Жамойцкім і ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай) жыў каваль, які
вырабляў добрыя булавы. А булавы – гэта не толькі зброя, гэта найперш
сродак шляхецкага гонару (як бы цяпер сказалі: пратакольная рэч). Шляхціч,
які паважаў сябе, на ўрачыстасцях павінен быў паказвацца на добрым кані,
пакрытым адмысловай гунькай і з булавой на поясе. Нават калі пана
суправаджаў збройнік, які нёс зброю, булава ўсё адно павінна быць пры назе
пана. Патрабавалася, і каб зручна яна трымалася як на поясе, так і ў руцэ,
і каб была не цяжкай, але моцнай. Найцяжэй было выкаваць трывалыя і
надзейныя шыпы, бо не было тады ні электрапрэсаў, ні зварачных апаратаў, а
выкоўвалася ўсё з аднаго кавалка металу. Вось гэты каваль і меў спрыт на
добрыя булавы.
Слава пра яго
майстэрства разносілася далёка, і ехалі да яго шляхцюкі з розных местаў і
плацілі добра. Яго так і клікалі – Булава, а імя амаль ніхто й не ведаў.
“Пойдзем да Булавы, Булава зробіць...” Яго, звычайнага рамесніка, ужо
запрашалі на абед да таго ці іншага шляхціча. І аднойчы нехта звярнуў на
гэта ўвагу: як так?! – сядзіць за сталом побач са шляхтай, а шляхецкага
звання не мае. І прозвішча не шляхетнае – Булава. Хай будзе Булавацкі. А
яму – што Булава, што Булавацкі – без розніцы. Хоць гаршком назаві, – ён
сваю вартасць ведае. І пра афармленне шляхецкага прывілею не вельмі
турбаваўся. Але дарэмна не патурбаваўся...
Саслабла Рэч
Паспаліта ад розных войнаў ды міжусобных разборак. Раздзёрлі яе Прусія,
Аўстра-Венгрыя і Расія. Землі сучаснай Магілёўшчыны дасталіся Расіі. І
пачала імператрыца маскоўская ўзнагароджваць сваіх прыбліжаных заваяванымі
А.Суворавым землямі разам з людзьмі, што спакон веку вольна жылі на гэтых
землях. Так славуты каваль Булава (ці ўжо Булавацкі) стаў кавалём
прыгонным. І не мог цяпер ён рабіць, што хоча і каму хоча, а павінен стаў
выконваць волю пана.
Не змагла вольная
душа прымірыцца з новым парадкам. Не змог паважаны людзьмі каваль зносіць
панскую пагарду. Хай даруе яму Бог, кінуў ён жонку і дзяцей і пайшоў шукаць
вольнага жыцця на землі, якія шчэ не займелі пана-гаспадара. Ды й не далёка
шукаць давялося. Вёрст за сорак-пяцьдзесят асеў у Глушы. Дапамаглі людзі
знакамітаму майстру пабудаваць кузьню і пачаў ён рабіць звычайную
кавальскую справу на радасць тамтэйшым жыхарам. Слава пра добрае разносіцца
хутка, але слава бывае й небяспечнай. Дайшлі чуткі пра каваля і да паліцыі.
Прыйшлі паліцыянты яго арыштоўваць, каб вярнуць беглага халопа свайму
законнаму пану. Але не захацелі людзі аддаць такога каваля, сабралі грошы і
выкупілі каваля ў пана. Але жонку і дзяцей выкупляць не захацелі, засталіся
тыя ў панскім прыгоне. А каваль Булавацкі разжыўся ў Глушы, пабудаваў хату,
ажа-ніўся наноў і пайшлі ад яго новыя Булавацкія, якія часцей працягвалі
кавальскую справу. Яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя ў той ці іншай вёсцы можна
было знайсці каваля Булавацкага (Васіль Булавацкі з вёскі Горнае ці не
апошні з іх?).
Гісторыя ўтойвае,
што было з дзвюма галінамі роду Булавацкіх на працягу ХІХ стагоддзя. Не
засталося адтуль ніякіх звестак. Але на пачатку ХХ стагоддзя яны дзіўным
чынам сустрэліся.
Пан Жылінскі,
адзін з багацейшых магнатаў нашых краёў, адпаведна патрабаванням
сталыпінскай рэформы пачаў прадаваць найгоршую частку сваіх земляў, балоты
ўсходняга Палесся паміж Асіповічамі і Глускам, часткова асушваючы іх. Сярод
тых,хто прыдбаў сабе зямлю ў гэтым месцы, быў і Іван Булавацкі з роду
глушанскіх Булавацкіх, які жыў на той час у вёсцы Яўсеевічы. А кіламетры за
два ад сядзібы Івана Навум Булавацкі з роду амінаўскіх Булавацкіх узяў
зямлю ў арэнду ў пана Земскага. На тое, каб купіць, грошай не сабралася.
Два кіламетры – не
адлегласць. Пазнаёміліся дзве сям’і Булавацкіх, пашукалі агульных сваякоў,
не знайшлі, падзівіліся супадзенню прозвішчаў, не так ужо й
распаўсюджаных, ды й супакоіліся ў сяброўстве. А праз колькі год Іванаў
Пятро пакахаў Навумаву Анцю, хутка й вяселле згулялі. Так аб’ядналіся дзве
галінкі роду Булавацкіх.

І першынцам у гэтай
сям’і стаў Мікола.
Няпростае дзяцінства
выпала на яго долю. У красавіку 1941 года па даносе аднаго нягодніка
арыштавалі бацьку, нібыта за антысавецкую агітацыю. Праз два месяцы пачалася
вайна. 20 студзеня 1943 года фашысты спалілі вёску Восы разам з жыхарамі,
старымі і малымі, якія не паспелі ўцячы ў лес. Там былі забітыя і спаленыя ў
сваёй хаце Міколава бабуля Каця і дзве сястрычкі Марыя сямі год і Рая пяці
год. А маці разам з іншымі маладымі жанчынамі пагналі ў палон. Па дарозе ёй
пашчасціла збегчы. Вярнулася на папялішча. У лесе знайшла свайго сына, які
ледзь не замёрз.
Успаміны
М.Булавацкага пра тыя жудасныя дні свайго дзяцінства друкавалі газеты “Наша
ніва”, “Тыднёвік Магілёўскі” ды іншыя.
Жылі да вызвалення ў
добрых людзей, якія прытулілі. Потым – галодны пасляваенны час. Маці з сынам
будавалі хату, каб перася-ліцца з зямлянкі. У 1946 годзе, толькі засяліліся
ў новую хату, вярнуўся бацька, вярнуўся не з вайны, а з савецкай няволі,
вярнуўся цяжка хворы, зусім нямоглы. Праз два гады памёр. Рэабілітаваны
пасмяротна ў 1959 годзе. Зноў засталася маці адна з Міколам і яго зусім
маленькім братам. Працавала з ранку да позняга вечара ў калгасе і на сваіх
сотках. Імкнулася вывучыць сыноў.
Мікола ў 1947 годзе
скончыў 4 класы Калясянскай пачатковай школы, у 1950 годзе – Сіманавіцкую
сямігадовую школу, паступіў у Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум. З восені
1951 года да восені 1954 года служыў у войску (адзін год у Рыльску Курскай
вобласці, дзе атрымаў спецыяльнасць аўтамеханіка, і 2 гады ў Ленінградзе).
Ад афіцэрскага звання адмовіўся, бо дома была маці з малым хворым братам.
Полацкі лясны тэхнікум скончыў завочна ў 1958 годзе. З 1955 года працаваў у
Гарадокскім лясніцтве Глускага лясгасу лесніком, аб’ездчыкам, па
заканчэнні тэхнікума – участковым тэхнікам-лесаводам. У студзені 1961 года
прызначаны ляснічым толькі што створанага Завалочыцкага лясніцтва. На
гэтай пасадзе працаваў да студзеня 1995 года. Аб тым – у гэтай кнізе.
З жонкай Палінай
жывуць у вёсцы Сімановічы. Маюць двух сыноў, дачку і чатырох унукаў.
Міхась Булавацкі
Навукова-папулярнае
выданне
ЛИ №02330/278 ад
30.04.2004 г.
Здадзена ў набор
09.08.2004. Падпісана да друку 2004. Фармат 60x841/16
Папера аўсетная.
Гарнітура Times New Roman. Ум.-друк. арк. 4,9.
Ул.-выд. арк. 5,5.
Тыраж 266 экз. Заказ №
Установа адукацыі
“Магілёўскі дзяржаўны універсітэт
імя А.А. Куляшова”,
212022, Магілёў, Касманаўтаў, 1.
Надрукавана на
рызографе паліграфічнага аддзела
МДУ імя А.А.
Куляшова.
212022, Магілёў,
Касманаўтаў, 1.
Рэдактар М.П.
Булавацкі
Тэхнічны рэдактар
Г.М. Гладун
Карэктар Л.І.Будкова
Камп’ютэрная вёрстка
В.С.Цумарава
Гісторыя
завалочыцкага
Лясніцтва
Булавацкі Мікалай
Пятровіч
|
|